Эвакуяваная ў Гомель з Алешак жанчына пра ўкраінцаў і беларусаў: Мы адзін народ
Фраза тычылася сваяцкіх сувязяў беларускага і ўкраінскага народаў.

Эвакуяваная ў Гомель з акупаваных расіянамі Алешак пад Херсонам украінка падзялілася эмоцыямі з журналістамі:
«Мы жылі на лецішчы, але пераехалі ў Алешкі зусім нядаўна, мы вельмі засмучаныя, бо самі з Херсона. У нас вельмі шмат знаёмых у Херсоне з Беларусі, і ён (напэўна, размова пра мужа жанчыны — НН) родам з Кастопаля (вёска ў Ровенскай вобласці — НН), гэта побач з Беларуссю, там уся яго радня. Мы мяркуем, што мы ўсе роўна адзін народ, як бы там не было. Дай бог, усё будзе добра», — сказала жанчына.
Сёння ў Гомель прыляцелі чатыры самалёты з эвакуяванымі жыхарамі Алешак, якія пажадалі перабрацца ва Украіну. Старыя людзі эвакуяваліся са свойскімі жывёламі. Ва Украіну з Алешак вырашылі адправіцца 17 аўтобусаў, у Расію — чатыры.

У аэрапорце Гомеля ўкраінцы будуць чакаць выезду ў «Новую Гуту» — менавіта праз гэты пункт пропуску ім трэба будзе праехаць на тэрыторыю Украіны, куды яны пажадалі перабрацца з акупаванага расіянамі мястэчка пад Херсонам.
Алешкі, якія знаходзяцца пад расійскім кантролем, на працягу апошніх месяцаў апынуліся ў сітуацыі, блізкай да гуманітарнай катастрофы. Горад пастаянна абстрэльваюць, а магчымасці выехаць адтуль амаль няма, бо большасць дарог замінаваная.
У канцы кастрычніка пры пасярэдніцтве Меланіі Трамп Расія і Украіна дамовіліся пра лакальнае спыненне агню, каб даць жыхарам магчымасць пакінуць горад. Рэжым цішыні пачаў дзейнічаць 27 кастрычніка і, паводле дамоўленасці, павінен працягвацца да 1 лістапада. Абсалютная большасць жыхароў пажадала вярнуцца ва Украіну, а вялікую ролю ў вырашэнні гуманітарнага крызісу сыграла першая лэдзі ЗША Меланія Трамп.
Каментары
Але і беларусы і ўкраінцы ненавідзяць рускіх. Гэта сапраўды нас аб'ядноўвае