Андрэй Пачобут едзе ў Львоў
8 і 9 лістапада ва Львове адбудуцца дзве сустрэчы з беларускім журналістам, былым палітвязнем і актывістам Саюза палякаў Беларусі Анджэем Пачобутам. Пра гэта паведамілі Цэнтр польскай культуры ў Львове і Цэнтр памежжа Украінскага каталіцкага ўніверсітэта, заўважыла выданне Reform.news.
Андрэй Пачобут. Фота: Lookby.Media
Першая сустрэча запланаваная на 8 лістапада а 19:00 у Цэнтры польскай культуры на вуліцы Віннічэнкі, 30. Для Пачобута гэта будзе першы візіт у Львоў.
Арганізатары называюць мерапрыемства магчымасцю асабіста пагутарыць з журналістам пра свабоду, салідарнасць, польскую ідэнтычнасць і цану, якую даводзіцца плаціць за вернасць уласным перакананням. Праект фінансуецца Міністэрствам замежных спраў Польшчы ў межах праграмы «Палонія і палякі за мяжой — 2026».
Другая сустрэча адбудзецца 9 лістапада апоўдні ва Украінскім каталіцкім універсітэце, у студэнцкім цэнтры K2 на вуліцы Казельніцкай, 2А. Яе тэмай стане «Украіна пад ціскам: ці ёсць у незалежнасці і дэмакратыі шанец выстаяць у сучасным свеце?»
Удзельнікі збіраюцца абмеркаваць барацьбу за свабоду, цану незалежнасці, досвед супрацьстаяння аўтарытарызму, а таксама выклікі, перад якімі сёння стаяць Украіна, Беларусь і дэмакратычны свет.
Мадэратаркай сустрэчы будзе валанцёрка і прадстаўніца беларускай супольнасці Львова Аліна Рудзіна.
Арганізатарамі выступаюць Цэнтр памежжа Украінскага каталіцкага ўніверсітэта, Цэнтр польскай культуры ў Львове і Фонд падтрымкі палякаў на Усходзе пры ўдзеле прадстаўнікоў мясцовай беларускай супольнасці.
Раней Андрэй Пачобут у размове з польскім выданнем Rzeczpospolita паведаміў, што ў снежні вернецца ў Беларусь на пастаяннае жыхарства. Раней ён на тыдзень з'ездзіў на радзіму ў верасні.
Чытайце таксама:
Андрэй Пачобут вяртаецца ў Беларусь на пастаяннае жыхарства ў снежні
Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы паказала, як мянялі Андрэя Пачобута