У Гродне прадаюць буйны ўніверсам. Ужо не першы раз, але цану толькі павышаюць
У Гродне зноў выставілі на продаж універсам «Брэст», які належыць мясцоваму мясакамбінату. Гэты гандлёвы аб’ект спрабуюць прадаць ужо некалькі гадоў: пачынаючы з 2022 года яго неаднаразова выстаўлялі на аўкцыёны, але пакупца так і не знайшлі. Цяпер за будынак просяць больш за 3 мільёны даляраў.
Фота: beltorgi.by
Аўкцыён прызначаны на 14 снежня і пройдзе ў Мінску на вуліцы Уманскай, 54. Пачатковы кошт аб’екта складае крыху больш за 9,54 мільёна рублёў. Крок аўкцыёну — каля 477 тысяч рублёў.
Купцу прапануюць двухпавярховы будынак універсама на праспекце Янкі Купалы ў Гродне агульнай плошчай больш за 4,8 тысячы квадратных метраў. У склад маёмасці таксама ўваходзяць усе інжынерныя камунікацыі і сеткі, пад’язныя шляхі і пляцоўка для разгрузкі тавараў.
За апошнія тры гады кошт універсама вырас у паўтара раза. У 2022—2023 гадах яго спрабавалі прадаць крыху больш чым за 6 мільёнаў рублёў.
Будынак быў пабудаваны ў 1960 годзе і калісьці лічыўся адным з найбуйнейшых гандлёвых аб’ектаў Гродна. У апошнія гады значную частку яго плошчаў займалі арандатары — іншыя гандлёвыя арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі.
Уласнікам універсама з’яўляецца Гродзенскі мясакамбінат.
Чытайце таксама:
У гістарычным цэнтры Магілёва за паўмільёна даляраў прадаюць ружовы будынак ваенкамата
У цэнтры Гомеля знеслі даўгабуд, які за 13 гадоў так нічым і не стаў