У польскім серыяле, які выйшаў на Netflix, адзін з персанажаў — беларускі доктар. У яго на спіне выпалена «здраднік»
Гісторыя беларускага доктара, які вымушана пакінуў радзіму пасля пратэстаў, стала адной з сюжэтных ліній польскага серыяла «Анестэзія» (Znieczulenie), які выйшаў на стрымінгавай платформе Netflix. Яна паказвае драму многіх таленавітых беларускіх медыкаў, якім з-за палітыкі зноў прыйшлося пачынаць кар'еру з самых нізоў у чужой краіне. У серыяле таксама згадваецца міграцыйны крызіс на польска-беларускай мяжы, піша Most.
Кадр з афіцыйнага трэйлера серыяла Znieczulenie
Прэм'ера медыцынскай драмы рэжысёра Лукаша Астальскага (Łukasz Ostalski) адбылася 4 верасня 2026 года.
Па сюжэце серыяла доктар Лазаж, якога грае Лешак Ліхота, — выдатны польскі нейрахірург. Аднак яго кар'ера ў Варшаве аказваецца пад пагрозай пасля смелай, але няўдалай аперацыі на галаўным мозгу маладога мужчыны. У выніку ён пераязджае ў Сувалкі — горад у Падляшскім ваяводстве, прыкладна за 60 кіламетраў ад беларускай мяжы. Там ён уладкоўваецца ў мясцовую бальніцу.
«Я кардыяхірург. Быў ім у Беларусі»
Беларускі лекар Алег Кавалёў (яго грае ўкраінскі акцёр Андрэй Жураўскі) — не цэнтральны, але яркі персанаж. Праўда, па сюжэце доктарам у Польшчы ён працаваць не можа, а ў асноўным прыбірае ў бальніцы.
У першай серыі разам з галоўным героем ён выходзіць з лякарні, каб прыняць пацыента ў цяжкім стане, якога толькі што даставіла хуткая дапамога.
— Падобна на ўдар міякарда, — кажа беларус.
— А ты адкуль ведаеш? — дзівіцца нейрахірург.
— Я кардыяхірург. Быў ім у Беларусі. Тут я толькі прыбіраў, — адказвае той.
Пазней Алег выходзіць з палаты, штурхаючы перад сабой вазок са смеццем. Кажа, што ўжо падаў дакументы на дзяржаўны экзамен, які патрэбны для вяртання ў прафесію. Рыхтуецца здаваць праз паўгода. «Гэта вельмі доўга. Да таго часу пальцы здранцвеюць, хлопец», — кажа яму лекар.
Па сюжэце Алег прыехаў у Польшчу, адсядзеўшы на радзіме за палітыку. На паясніцы ў яго велізарны шнар — выпаленае слова «здраднік» (менавіта па-беларуску). Так стваральнікі польскага серыяла адлюстравалі, што герою давялося перажыць у турме.
Алег Кавалёў — калі не зборны вобраз беларускага палітэмігранта, то ўжо дакладна той, хто спрабуе данесці калектыўны боль. Яго мучаюць начныя кашмары, бываюць успышкі агрэсіі. Тлумачачы свой стан, ён кажа: «У кожнага другога апазіцыянера трывожны разлад».
Беларускі доктар паказаны ў серыяле чалавекам, які востра адчувае чужы боль. Але пры ўсёй высакароднасці і прафесіяналізме Кавалёў — персанаж не ідэальны. Не даючы рады перажытай траўмай, ён сярод белага дня крадзе псіхатропныя прэпараты, адцягваючы калегу фліртам. Затым адна з супрацоўніц знаходзіць Алега, які ляжыць на каталцы ў паўсвядомым стане. Пазней падчас сутыкнення з калегам з яго кішэні выпадае амаль пустая ўпакоўка псіхатропу.
Міграцыйны крызіс у серыяле
У чацвёртай серыі нечакана ўздымаецца тэма міграцыйнага крызісу на польска-беларускай мяжы. Стваральнікі серыяла не завастраюць увагу на яго палітычных прычынах, ставячы ў цэнтр сюжэту драму мігрантаў.
Пара сужэнцаў выпадкова знаходзіць у лесе цёмнаскурую дзяўчынку і выклікае хуткую дапамогу. Разам з брыгадай медыкаў на месца здарэння адпраўляецца і нейрахірург Лазаж, які быў паблізу. Дзяўчынка ў крытычным стане: у яе няма пульсу і дыхання, а сэрца спыняецца. Аднак рэанімацыя дазваляе вярнуць дзіця да жыцця.
У бальніцы дзяўчынка па імені Раня прыходзіць у прытомнасць. Алег Кавалёў апынаецца ў гэты момант побач з ёй — і з дапамогай анлайн-перакладчыка даведваецца, што ў лесе засталася мама мігранткі. Ён адзін адпраўляецца на яе пошукі.
Што ты рабіў у Беларусі? — Хацеў нешта змяніць
Знайшоўшы мігрантку ў лесе, Кавалёў выяўляе раненне грудной клеткі і назапашванне вадкасці ў перыкардзе, што патрабуе хірургічнага ўмяшання. Алег звяртаецца да Лазажа па дапамогу і пераконвае яго правесці аперацыю ў сутарэнні лякарні, каб пра жанчыну не даведаліся і не дэпартавалі іх з дачкой у Беларусь. У выніку Кавалёў, які да таго моманту не аперыраваў ужо 10 месяцаў, праводзіць аперацыю сам, а паляк яму асістуе.
— А што ты наогул рабіў у Беларусі? — пытаецца польскі лекар.
— Верыў у многія рэчы. Хацеў нешта змяніць.
— Але ўжо не верыш?
Гэтае пытанне застаецца без адказу. А аперацыя праходзіць паспяхова.
Як паказана Беларусь і стасункі з палякамі
Нягледзячы на спрэчныя ўчынкі беларускага доктара, польскія калегі яго падтрымліваюць і прызнаюць яго прафесійныя навыкі нават без афіцыйных дакументаў. А псіхіятр, да якога ён трапляе, спрабуе дапамагчы яму даць рады прывідам мінулага і залежнасці.
Пра Беларусь глядач даведваецца са слоў Кавалёва.
«Ты не ведаеш, як у нас у Беларусі. З Польшчы не відаць, але дома шмат людзей, якія хочуць, каб наша краіна была іншай», — расказвае ён свайму псіхіятру.
Хто грае беларуса
Ролю беларускага доктара ў серыяле выканаў 31‑гадовы ўкраінскі актор Андрэй Жураўскі. Ён нарадзіўся ў Львове. Акцёрскую адукацыю атрымаў у Кіеўскім нацыянальным універсітэце тэатра, кіно і тэлебачання імя Івана Карпенкі-Карага.