БЕЛ Ł РУС

Кая Калас: Мірнае пагадненне па Украіне немагчымае без удзелу Еўрасаюза

6.11.2026 / 23:34

Nashaniva.com

Вярхоўная прадстаўніца Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас заявіла, што мірнае пагадненне аб заканчэнні расійскай вайны супраць Украіны немагчыма рэалізаваць без удзелу ЕС. Пра гэта яна сказала 6 лістапада пасля сустрэчы міністраў замежных спраў краін Балтыйскага рэгіёна ў Варшаве, піша Deutsche Welle.

Кая Калас. Фота: AP Photo/Harry Nakos

Па словах Калас, Еўрасаюз не можа прадказаць, калі і якім чынам Украіна і Расія дамовяцца пра мір. Аднак для выканання любой будучай дамоўленасці неабходны ўдзел ЕС.

Пасля заявы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пра падрыхтоўку маштабнага пагаднення, якое можа закрануць не толькі Украіну, але і ўсю Еўропу, у Бруселі нагадалі, што рашэнні адносна еўрапейскай бяспекі павінен прымаць сам Еўрасаюз.

Прадстаўніца Еўракамісіі таксама адзначыла, што хуткае завяршэнне вайны пакуль малаверагоднае. Еўрапейскія краіны зацікаўленыя ў як мага больш хуткім заключэнні мірнага пагаднення, аднак для гэтага Расія павінна прадэманстраваць гатоўнасць спыніць агрэсію супраць Украіны. Пакуль у Бруселі не бачаць з расійскага боку істотных крокаў у гэтым кірунку.

Падобную пазіцыю выказалі і ў Берліне. Міністр замежных спраў Германіі Ёган Вадэфуль заявіў, што перамовы без удзелу Еўропы не будуць выніковымі. Паводле яго слоў, Еўропа павінна адыгрываць цэнтральную ролю ў пошуку мірнага вырашэння вайны.

Ён падкрэсліў, што будучыню Украіны нельга вызначаць без удзелу самой Украіны, а пытанні бяспекі Еўропы нельга вырашаць без еўрапейскіх краін. Гэты прынцып, паводле кіраўніка нямецкага МЗС, з'яўляецца асновай усіх намаганняў па спыненні расійскай агрэсіі.

Напярэдадні Дональд Трамп дапусціў магчымасць заключэння з Масквой «вельмі маштабнага» пагаднення, якое тычылася б Украіны і, магчыма, усёй Еўропы. Падрабязнасцяў амерыканскі прэзідэнт не раскрыў. Пра такую магчымасць ён заявіў пасля сустрэчы ў Белым доме з прадстаўніком Крамля Кірылам Дзмітрыевым.

Тым часам 10—11 лістапада прадстаўнікі Расіі, Украіны і ЗША плануюць правесці трохбаковыя перамовы ў Абу-Дабі. Гэта будзе першая сустрэча такога фармату з лютага. Еўрапейскія краіны ў ёй удзелу не бяруць і выказваюць занепакоенасць тым, што Дональд Трамп можа прыняць рашэнні, не ўлічыўшы іх пазіцыю.

Чытайце таксама:

Зяленскі назваў небяспечнай ідэю Трампа аб стварэнні новай сістэмы бяспекі ў Еўропе

У Крамлі заявілі, што нічога не ведаюць пра падрабязнасці анансаванай Трампам дамоўленасці па Украіне

Прэм'ер Эстоніі заявіў, што Еўропа не павінна пачынаць прамыя перамовы з Пуціным

Кушнер раскрыў, пра што ЗША хочуць дамовіцца з Украінай і Расіяй у Абу-Дабі

Трамп анансаваў маштабнае пагадненне, якое закране ўсю Еўропу

Каментары да артыкула