БЕЛ Ł РУС

У Быхаве паставілі выродлівы помнік жанчыне. Разам са скульптурай у Касцюковічах ён можа стаць сімвалам культурнай дэградацыі Беларусі пры Лукашэнку

8.11.2026 / 09:00

Ф. Раўбіч

За апошнія два месяцы ў гарадах Магілёўшчыны з вялікай помпай адкрылі адразу некалькі манументаў.

Новы помнік «Жанчыне-маці» ў Быхаве. Фота: bykhov.by

У Быхаве ў парку імя 60‑годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў усталявалі скульптурную кампазіцыю «Жанчыне-маці», прымеркаваную да абвешчанага ўладамі Года беларускай жанчыны. Пра гэта паведамляе мясцовая раённая газета «Маяк Прыдняпроўя».

Ініцыятарамі праекта выступілі грамадскія арганізацыі і Моладзевая рада пры райсавеце дэпутатаў, а грошы выдзеліла Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. На адкрыццё сагналі школьнікаў і бюджэтнікаў з чырвона-зялёнымі сцяжкамі, а чыноўнікі пад лірычную музыку здымалі з фігур пакрывала.

Урачыстае адкрыццё манумента з удзелам кіраўніцтва Быхаўскага раёна. Фота: bykhov.by

З першага погляду быхаўскую скульптуру можна прыняць за чарговы прыклад камунальнай антырэстаўрацыі старых савецкіх гіпсавых або бетонных фігур, якія рэгулярна трапляюць у тэматычныя паблікі, прысвечаныя самым недарэчным і непрафесійным аднаўленням.

Аднак у гэтага твора ёсць цалкам афіцыйны аўтар — 45‑гадовы магілёўскі скульптар, сябра Беларускага саюза мастакоў Аляксандр Мінькоў. Як расказаў сам майстар, ён выразаў дзве фігуры з аднаго блока вельмі цвёрдага пакостаўскага граніту, прывезенага з кар’ера.

Вынік гэтай працы выклікае пытанні з пункту гледжання базавай пластычнай анатоміі. Кампазіцыя пабудавана вельмі дзіўна: хлопчык задзірае галаву дагары, але бачыць перад сабой толькі ненатуральна вывернутую, нібыта зламаную шыю маці, чый позірк бессэнсоўна скіраваны ўнікуды.

Самі фігуры абсалютна статычныя і пазбаўленыя любога намёку на кантрапост ці іншыя класічныя дасягненні скульптурнай пластыкі. Ногі персанажаў пастаўленыя роўна, як пад лінейку, што адсылае да архаічнай традыцыі старажытнагрэчаскіх кораў другой паловы I тысячагоддзя да нашай эры або нават да больш ранняй памінальнай скульптуры Старажытнага Егіпта. Але калі ў старажытных майстроў за гэтым стаяў строгі канон і свая эстэтыка, то ў Быхаве гледачы бачаць выключна прафесійную бездапаможнасць.

Нягледзячы на нізкую мастацкую вартасць, праект без праблем прайшоў усе ўзгаднення і праверкі, а дзяржаўныя медыя сустрэлі яго з захапленнем. У каментары для інстаграма раёнкі Аляксандр Мінькоў заявіў:

«Праца над помнікам была вельмі працаёмкай і карпатлівай. Прароблены вялікі шлях, каб стварыць гэты аб’ект для жыхароў Быхава. Упэўнены, што вынік маёй працы будзе цешыць не адну сотню гадоў многія пакаленні быхаўцаў».

Мясцовыя жыхаркі на камеру таксама дзякавалі за «прызнанне мацярынскай працы» і цытавалі словы Аляксандра Лукашэнкі пра жанчын.

Пластыка сардэлек 

Як высвятляецца, быхаўскі манумент — не адзінкавы выпадак, а частка цэлай серыі работ, якімі Аляксандр Мінькоў сёлета заставіў Магілёўшчыну. Два месяцы таму, 5 верасня, у Касцюковічах падчас святкавання Дня беларускага пісьменства адкрылі ягоную скульптурную кампазіцыю «Алесь і Алеся» па матывах верша Аркадзя Куляшова «Бывай…», які стаў асновай для знакамітай песні «Песняроў».

Кампазіцыя «Алесь і Алеся» ў Касцюковічах. Фота: golkby

Калі ў Быхаве скульптар працаваў з гранітам, дык для цэнтральнай плошчы Касцюковічаў перад райвыканкамам ён выкарыстаў сучасныя палімерныя рэчывы, пафарбаваныя пад бронзу.

З-за спецыфічнага колеру фактуры матэрыялу і грубай лепкі двухметровыя фігуры выяўляюць найбольшае падабенства з творчасцю вядомага народнага ўмельца з Якуціі.

Тут аўтар таксама не справіўся з перадачай чалавечага цела ў руху. Акрамя мёртвай статыкі пастаў, асабліва ўражвае прапрацоўка дэталяў: талію дзяўчыны абдымаюць гіганцкія пальцы-сардэлькі, а такія ж бясформенныя пальцы іншай рукі трымаюць разгорнутую кнігу за спінай гераіні. Выглядае гэта так, быццам хлопец чытае тэкст наўпрост скрозь цела каханай.

Складаецца ўражанне, што скульптар ніколі не трымаў у руках кнігу падобным чынам і нікога не абдымаў за талію — настолькі нерэалістычнай і драўлянай выйшла поза, узровень якой цягне максімум на выпускную работу дзіцячай мастацкай школы.

Пальцы-сардэлькі скульптуры перад будынкам Касцюковіцкага райвыканкама. Фота: gp.by

Сам Мінькоў у жніўні тлумачыў сваю задуму зусім інакш. Паводле яго слоў, ён штодня слухаў у машыне песню «Алеся», а твары герояў ляпіў са сваёй жонкі і старэйшага сына Андрэя. Пры гэтым скульптар асобна падкрэсліваў, што імкнуўся пазбегнуць эфекту «дзвюх статычных лялек», бо «фігуры павінны дыхаць».

Свае ж анамальныя прапорцыі твараў і целаў аўтар патлумачыў спадчынай савецкай школы:

«У вулічнай скульптуры заўсёды выкарыстоўваюцца элементы гратэску. Мы наўмысна робім больш масіўнымі надброўныя дугі, закладваем больш глыбокія вочы — рысы твару павінны выразна чытацца як з дзесяці метраў, так і зблізку. Гэта спадчына класічнай савецкай школы, традыцыі манументалізму ў найлепшым іх праяўленні».

Урачыстае адкрыццё скульптуры ў Касцюковічах. Фота: sb.by

Адкрывалі гэты палімерны помнік на самым высокім дзяржаўным узроўні. Як паведамляла БелТА, вуаль са скульптуры ўрачыста здымалі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка і намесніца прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч — чыноўніца, вядомая ў лукашэнкаўскай вертыкалі сваім вытанчаным густам і любоўю да люксавых брэндаў. Ці парадавалі эстэтку Пяткевіч пафарбаваныя палімерныя фігуры з пальцамі-сардэлькамі, дзяржаўныя медыя не ўдакладняюць, але са сцэны віцэ-прэм’ерка натхнёна гаварыла пра ўнікальнасць рэгіёна і магчымасць пачуць беларускае слова па-новаму. Разам з ёй за адкрыццём арт-аб’екта назіралі міністр інфармацыі, мітрапаліт Веніямін і першы намеснік генсакратара СНД Ігар Петрышэнка.

Выпадковы чалавек у фігуратыўнай пластыцы

Помнік-бюст Герою Сацыялістычнай Працы, свінарцы і маці-гераіні Ніне Баранавай. Фота: fondmira.by

Між тым усяго праз месяц пасля Касцюковічаў, 10 кастрычніка, на абласных «Дажынках» у аграгарадку Гарадзец Шклоўскага раёна (былым саўгасе, якім некалі кіраваў Аляксандр Лукашэнка) адкрылі трэцюю работу Мінькова за сезон — бронзавы помнік-бюст Герою Сацыялістычнай Працы, свінарцы і маці-гераіні Ніне Баранавай.

Помнік-бюст Герою Сацыялістычнай Працы, свінарцы і маці-гераіні Ніне Баранавай. Фота: rodniva.by

Помнік-бюст Герою Сацыялістычнай Працы, свінарцы і маці-гераіні Ніне Баранавай. Фота: rodniva.by

Як пісала БелТА, на цырымонію прыехаў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Круты і віцэ-прэм’ер Віктар Каранкевіч, а прафінансаваў праект бізнэсмен Андрэй Балабін і ягоная кампанія «Паціа».

Гэтая праца аказалася найбольш цярпімай з усёй восеньскай трылогіі аўтара — відавочна, толькі таму, што ніжнюю частку чалавечага цела, якая не даецца скульптару, тут замянілі на высокі гранітны пастамент.

Скульптар Аляксандр Мінькоў у сваёй майстэрні падчас працы над праектамі 2026 года. Фота: Андрэй Сазонаў / sb.by

Парадокс сітуацыі ў тым, што Аляксандр Мінькоў мае поўную профільную адукацыю. Ён нарадзіўся ў 1981 годзе ў Віцебску, у 2000‑м скончыў мастацка-графічны факультэт Магілёўскага педагагічнага каледжа, а ў 2007‑м — знакаміты мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, пасля чаго адразу ўступіў у Саюз мастакоў.

Скульптар Мінькоў побач са сваёй скульптурай «Жанчыне-маці». Скрыншот відэа 

Доўгі час Мінькоў спецыялізаваўся на мемарыяльных знаках і абстрактна-сімвалічнай пластыцы ў камені: рабіў памятны знак ваенным журналістам у Клічаве ў 2017 годзе, кампазіцыю «Звон цішыні» на месцы Саборных могілак у Магілёве ў 2019-м, «Сэрца на далонях» каля магілёўскага кардыяцэнтра ў 2022-м, «Багач» у Хоцімску ў 2023-м.

Калі скульптар працаваў з простымі каменнымі формамі і сімваламі, ягоныя творы выглядалі цалкам прыстойна. Аднак, відаць, цяпер ён вымушаны працаваць у стылістыцы, якая падабаецца цяперашняму кіраўніцтву краіны. У сучаснай Беларусі такія работы без перашкод праходзяць мастацкія рады, атрымліваюць бюджэтнае фінансаванне і ўсталёўваюцца на галоўных плошчах гарадоў пад апладысменты вертыкалі. На ўсіх узроўнях ніхто не заўважае, што «кароль жа голы».

Пры гэтым дзясяткі выбітных майстроў застаюцца ў чорных спісах, без працы і пад забаронай атрымліваць замовы для публічнай прасторы. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула