17 краін выказаліся супраць вяртання хакейнай зборнай Расіі на міжнародную арэну. Толькі Беларусь выступіла за
Хакейныя федэрацыі розных краін рэзка адмоўна паставіліся да перспектывы вяртання расійскага хакею.
Зборная Расіі па хакеі, фота ФХР
Пасля афіцыйнага допуску зборнай Расіі па хакеі да міжнародных турніраў адразу некалькі федэрацый іншых краін апублікавалі заявы адносна рашэння Спартыўнага арбітражнага суда (CAS), піша Сhampionat.com.
Спартыўны арбітражны суд (CAS) на мінулым тыдні выступіў з заявай, дзе рэкамендаваў вярнуць зборную Расіі па хакеі на міжнародныя спаборніцтвы, ад якіх яна была адхілена пасля нападу на Украіну, як і, дарэчы, Беларусь.
Толькі адна краіна з 17 адкрыта выступіла за вяртанне — Беларусь.
«Федэрацыя хакея Беларусі цалкам падтрымлівае рашэнне Спартыўнага арбітражнага суда абавязаць Міжнародную федэрацыю хакея дапусціць усе зборныя Расіі да ўдзелу ў сістэме чэмпіянатаў свету ІІХФ пачынаючы з сезона-2026/2027, — — гаварылася ў заяве ФХБ.
Тым часам хакейныя федэрацыі розных краін рэзка адмоўна паставіліся да перспектывы вяртання расійскага хакею.
Сем краін абвясцілі байкот: Фінляндыя, Нарвегія, Швецыя, Чэхія, Латвія, Данія і Аўстрыя. Шэсць краін негатыўна выказаліся пра вяртанне зборнай: Канада, Украіна, Германія, Францыя, Польшча і Вялікабрытанія.
Яшчэ тры краіны — Славакія, Швейцарыя і Казахстан — занялі нейтральную пазіцыю. Прычым у першым выпадку гэты нейтралітэт хутчэй на карысць Расіі.
Без заяў пакуль застаюцца некалькі краін, у тым ліку ЗША, Венгрыя і Славенія.
Чэмпіянаты свету па хакеі для нацыянальных (то-бок «дарослых») зборных праводзяцца ў маі. У вышэйшым дывізіёне бярэ ўдзел 16 каманд, якія разбіваюцца на дзве групы па восем зборных. Дзве слабейшыя каманды вылятаюць у першы дывізіён. На змену ім прыходзяць дзве дружыны з першага дывізіёна.
Так у маі 2026 года элітны дывізіён пакінулі Вялікабрытанія і Італія, на змену ім прыйшлі Украіна і Казахстан.
Склад дзвюх груп для ЧС-2027 ужо сфармаваны:
А: Фінляндыя, Швецыя, Швейцарыя, Германія, Аўстрыя, Латвія, Славенія, Украіна.
В: Канада, ЗША, Чэхія, Славакія, Данія, Нарвегія, Венгрыя, Казахстан.
Расію (і Беларусь) або дадаваць дзявятымі, або выкідваць кагосьці са слабейшым рэйтынгам, як Украіну і Казахстан, што можа прывесці да скандалу.
Чытайце таксама:
Канада не дапусціць хакеістаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў моладзевым чэмпіянаце свету
Латвія заявіла, што не будзе гуляць у хакей супраць Беларусі і Расіі. І яна такая не адна