Музей абароны Брэсцкай крэпасці збіраюцца абнавіць
У Музеі абароны Брэсцкай крэпасці плануюць правесці рамонтна-рэстаўрацыйныя работы і цалкам абнавіць экспазіцыю. Пра гэта паведаміў дырэктар мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» Аляксандр Каркатадзэ, піша БелТА.
Фота: brest-fortress.by
Паводле слоў Каркатадзэ, будынак музея мае патрэбу ў рамонце, у тым ліку ў мадэрнізацыі сістэмы ацяплення і інжынерных камунікацый. Акрамя таго, плануецца перагледзець музейную экспазіцыю.
За апошнія гады ў Брэсце сабралася шмат новых матэрыялаў, якія можна будзе выкарыстаць у абноўленым музеі. Сярод іх — раней не прадстаўленыя фотаздымкі і ўспаміны абаронцаў крэпасці.
Пры стварэнні новай экспазіцыі збіраюцца спалучаць традыцыйныя музейныя падыходы з сучаснымі тэхналогіямі. Асноўную канцэпцыю вырашылі захаваць: расказваць пра абарону Брэсцкай крэпасці праз лёсы асобных яе абаронцаў.
Кіраўніцтва мемарыяльнага комплексу разлічвае атрымаць фінансавую падтрымку Міністэрства культуры Беларусі і «Саюзнай дзяржавы». Праект патрабуе значных сродкаў. Мяркуецца, што абноўленыя экспазіцыі змогуць адкрыць да 90‑годдзя абароны Брэсцкай крэпасці ў 2031 годзе.
Пакуль праект знаходзіцца на падрыхтоўчым этапе. Спецыялістам трэба ацаніць стан будынка і музейных памяшканняў, а таксама прааналізаваць музейныя фонды і цяперашнюю экспазіцыю. Дырэктар назваў гэту працу адным з найбольш важных і складаных перспектыўных праектаў комплексу. Акрамя маштабнай рэканструкцыі, музей штогод плануе дадаваць новыя экскурсіі і выставы.
Чытайце таксама:
У Брэсцкай крэпасці збіраюцца аднавіць мост на Пагранічны востраў. Так будзе прасцей турыстам
У Брэсце адкрылі мурал «Партызаны Брэстчыны». Гэта ўжо чацвёрты падобны аб'ект у горадзе
Апублікавалі новы рэйтынг найбольш папулярных гісторыка-архітэктурных помнікаў Беларусі