БЕЛ Ł РУС

У беларускім ютубе вайна страйкаў — прыляцела Пятрухіну

7.11.2026 / 21:52

Nashaniva.com

Разборкі пачаў Сяргей Ціханоўскі, а цяпер валасы на галаве рве сабе Народны рэпарцёр — навошта браў сабе ажно сем хвілін шоу «Саша, что ты несёшь?»

Сяргей Пятрухін. Фота: «Наша Ніва»

Блогер Сяргей Пятрухін паведаміў, што 7 лістапада атрымаў на ютубе страйк за парушэнне аўтарскіх правоў.

Ён расказаў, што яшчэ год таму, восенню 2025 года, размясціў «для сваіх спонсараў (іх у мяне каля 30 чалавек)» амаль сяміхвілінны фрагмент праграмы «Саша, что ты несёшь?» Фёдара Паўлючэнкі і Аляксандра Атрошчанкава.

Па словах Пятрухіна, Паўлючэнка і Атрошчанкаў расказвалі пра яго «вельмі маляўніча» і «такое багацце журналісцкіх эпітэтаў проста шкада было пакідаць без увагі». Таму ён і размясціў на сваім канале каля сямі хвілін чужога кантэнту. 

«Нават калі відэа прызначана толькі для спонсараў, гэта не вызваляе ад неабходнасці паважаць аўтарскія правы. Таму, хлопцы, прыношу прабачэнні за выкарыстанне вашага матэрыялу. Я паважаю аўтарскае права», — вініцца блогер.

Праўда, адначасова і наракае, што маглі б журналісты замест страйка напісаць яму самому і папрасіць відэа прыбраць — што адразу, маўляў, і было б зроблена.

Напрыканцы ж Пятрухін звяртаецца да іншых блогераў:

«Не публікуйце працяглыя фрагменты чужых праграм без уласнага аналізу, нават для спонсараў. А калі ўзнікаюць непаразуменні паміж знаёмымі аўтарамі — паспрабуйце спачатку пагаварыць».

Тры парушэнні могуць прывесці да поўнага выдалення канала.

Вайну страйкаў, ахвярай якой стаў Сяргей Пятрухін, першым пачаў блогер Сяргей Ціханоўскі, які стаў пісаць скаргі ютубу на каналы беларускіх незалежных медыя. У адказ зацікаўленыя асобы сталі пільна сачыць і за ягоным уласным кантэнтам, дзеля чаго цягам апошняга тыдня ўжо шэсць матэрыялаў Ціханоўскага — 4 стрымы і 2 відэа — былі выдаленыя. Прычынай стала выкарыстанне Ціханоўскім урыўкаў старога відэа з Мікітам Мелказёравым — папулярным блогерам, які памёр у снежні 2025 года.

Чытайце таксама:

З ютуба выдаленыя два чарговыя стрымы Ціханоўскага

Ціханоўскі заявіў, што цяпер у кожным стрыме будзе ўключаць відэа з Мелказёравым па некалькі разоў

Стала вядома, чаму Ютуб выдаліў стрымы Сяргея Ціханоўскага

Каментары да артыкула