«Мы прасілі Сяргея не злоўжываць памяццю Мікіты Мелказёрава. Наш зварот быў праігнараваны».

З ютуб-канала «Краіна для жыцця», на якім апошнім часам перыядычна з’яўляюцца новыя відэа блогера Сяргея Ціханоўскага, былі выдаленыя чатыры ролікі. Гаворка ідзе пра два стрымы і два відэа.
Калі спрабаваць адкрыць іх па старым адрасе, то высвечваецца паведамленне: «Відэа недаступнае. Яно было выдалена праз парушэнне аўтарскіх правоў».
Як аказалася, прычынай стала выкарыстанне Ціханоўскім кавалкаў старога відэа з Мікітай Мелказёравым — папулярным блогерам, які памёр у снежні 2025 года.
Ціханоўскі ў стрымах зноў і зноў уключаў той кавалак відэа, на якім Мелказёраў заклікае падпісацца на канал «Краіна для жыцця», дэманструючы падпісчыкам, што Мелказёраў падтрымлівае менавіта яго.

«Мы звярнуліся ў Ютуб па стандартнай працэдуры з просьбай выдаліць кавалкі відэа з заклікам ад Мікіты. Там быў выкарыстаны кавалак размовы Мікіты Мелказёрава з адвакаткай Наталляй Мацкевіч. Той выпуск «Жыцця-маліны» быў апублікаваны ў снежні 2023 года, за паўтара года да выхаду Сяргея Ціханоўскага на волю. Фраза Мікіты пра падтрымку палітвязня (на той момант) і заклік падпісацца на яго канал была сказаная ў канкрэтным кантэксце і не мае дачынення да сённяшняга моманту. Паколькі Мікіты больш няма, мы не можам ведаць, ці згодны б ён быў на выкарыстанне яго ў іншых відэа, асабліва ў такім кантэксце, што можа траўмаваць блізкіх і сяброў», — патлумачыла «Нашай Ніве» каманда праекта «Жыццё-Маліна».
Да Ціханоўскага звярнуліся з просьбай надалей не выкарыстоўваць відэа з Мікітам без папярэдняга ўзгаднення, выдаліць тое, што ўжо было, і не злоўжываць яго памяццю. Але блогер праігнараваў зварот. У наступным стрыме Ціханоўскі зноў уключыў відэа з Мікітам у якасці рэкламы свайго канала.
У выніку каманда скарысталася інструментамі Ютуба па абароне аўтарскага права:
«Мікіта быў бесстароннім журналістам і блогерам, і выкарыстанне яго імя ў нечых інтарэсах недапушчальнае».
Скаргі былі пададзеныя на два стрымы і два відэа на канале. У выніку па рашэнні Ютуба яны былі выдаленыя цалкам.
Каментары