БЕЛ Ł РУС

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці пра кракаўскага стралка, які забіў як мінімум 6 чалавек

7.11.2026 / 22:07

Nashaniva.com

Польскі ўлады ўдакладнілі колькасць ахвяр страляніны ў Кракаве: загінулі шэсць чалавек, яшчэ 15 атрымалі раненні. Адна з параненых жанчын памерла ў бальніцы. Паводле звестак выдання Onet, нападнікам быў Міхал О. з горада Астровец-Свентакшыскі. Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы пацвердзіла, што ён з'яўляецца грамадзянінам краіны.

Паліцыянт ахоўвае месца падзеі. Фота: AP Photo/Beata Zawrzel

Паводле інфармацыі ад сведкаў, каля трэцяй гадзіны дня 7 лістапада аўтамабіль на вялікай хуткасці выехаў на плошчу Рынак у самым цэнтры Кракава. У машыне знаходзіўся мужчына ў масцы, які адкрыў агонь па людзях. Мінакі пачалі ўцякаць і хавацца ў кавярнях, рэстаранах і пад'ездах.

Як высветліў Onet, Міхал О. меў дазвол на захоўванне дзвюх адзінак зброі. Ён перасоўваўся на аўтамабілі, зарэгістраваным на яго 52‑гадовага бацьку, жыхара Свентакшыскага ваяводства (цэнтр ваяводства — горад Кельцы). Бацька таксама меў дазвол на зброю і валодаў ажно адзінаццаццю адзінкамі. Раней ні бацька, ні сын не траплялі ў поле зроку праваахоўных органаў.

Падчас затрымання нападніка паранілі паліцэйскія. Цяпер ён знаходзіцца ў бальніцы, яго стан стабільны.

Паводле прадстаўніцы Малапольскага ваяводскага ўпраўлення паліцыі Катажыны Цісла, мужчына быў апрануты ў вопратку вайсковага тыпу і карыстаўся даўгаствольнай агнястрэльнай зброяй, падобнай да вайсковай. Магчыма, гэта была самазарадная вінтоўка AR-15. У ягоным аўтамабілі паліцэйскія знайшлі шмат іншай зброі і боепрыпасаў.

У багажніку таксама знайшлі вайсковы заплечнік, падсумкі і штык-нож.

Адразу пасля тэракту з'яўляліся версіі, што стралок раней служыў у польскім войску. Аднак жа міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш гэтую інфармацыю адназначна зняпраўдзіў:

«Мужчына не быў і не з'яўляецца вайскоўцам Войска Польскага і ніколі не меў нічога агульнага з войскам».

Чытайце таксама:

Тэрарыст, які ўчыніў бойню ў цэнтры Кракава — паляк

Момант затрымання стралка ў Кракаве трапіў на ВІДЭА

Невядомы адкрыў страляніну ў цэнтры Кракава. Як мінімум пяць чалавек загінулі

Каментары да артыкула