Скандальна вядомай беларускай блогерцы адмовіліся прадаваць пярсцёнак Cartier у Парыжы
«Калі я ўжо збіралася разлічвацца, ён мне кажа: «Выбачайце, ноў. Беларус энд Раша — уся сетка Cartier х*й на вас клала», — абураецца Іра МісМо ў блогу.
Блогерка Іра МісМо. Скрыншот відэа ў тыктоку. Якасць палепшана ШІ
Папулярная беларуская блогерка Іра МісМо, якая называе сябе стваральніцай прафесіі тэйполаг у Беларусі, разам з сястрой і пляменнікам адпачывае ў Парыжы.
Па плане быў шопінг у Cartier, але нешта не склалася. У сваіх сацсетках (а МісМо мае 296 тысяч падпісчыкаў у інстаграме і больш за 120 тысяч у тыктоку) блогерка распавяла пра непрыемны выпадак.
Па словах МісМо, яна разам са сваёй кампаніяй правяла ў буціку Cartier на Елісейскіх Палях у Парыжы каля 40 хвілін — пакуль выбралі мадэль, якая падабаецца, пакуль прадавец знайшоў патрэбны памер…
Але ў выніку набыць упрыгожанне не змагла — і ўсё праз тое, што яна грамадзянка Беларусі.
Рэч у тым, што праз распачатую Расіяй вайну дзейнічае пакет санкцый, а сярод забарон ёсць забарона на ўвоз у Расію і Беларусь прадметаў раскошы (патэнцыйна праблемы могуць быць з таварамі, якія каштуюць больш за 300 еўра).
Раней пра аналагічны выпадак распавядала былая блогерка з завода «Атлант», а цяпер тыктокерка і спявачка Atlanta — яна не змагла набыць рамень Louis Vuitton у фірмовай краме брэнда ў Мілане.
МісМо не вельмі выбірае словы, калі распавядае пра сваю крыўду:
«Якія п*расы, я не магу! […] Калі я ўжо збіралася разлічвацца, ён мне кажа: «Выбачайце, ноў, Беларус энд Раша — уся сетка Cartier х*ем на вас клала!». Вось так і сказаў! Я сказала: «Ты а*еў? Я зараз усім раскажу тут».
Сястра МісМо дадала: «Ён мне кажа: «Пайшла ты на х*й».
Шпацыр яны ў выніку працягнулі на блышыным рынку. Блогерка пажартавала, што толькі там могуць закупляцца беларусы. А супакоіліся ў парфумерна-касметычнай краме Sephora, дзе без пытанняў атрымалася разлічыцца беларускімі карткамі.
Дарэчы, Іра МісМо не ўпершыню трапляе ў скандальную сітуацыю. Сёлета яна рэкламавала панчохі Mark Formelle (на той момант іх яшчэ не было ў продажы) і нахаміла дзяўчыне, якая спытала, дзе можна набыць навінку.
Жарсці ў байнэце не сціхалі тыдзень. А МісМо ў выніку прадала панчохі, якія прымярала, у некалькі разоў даражэй, чым іх потым прадаваў вытворца ў сваіх крамах.
А летась блогерка дала інтэрв'ю «Анлайнеру», дзе распавяла пра свайго хлопца-лудамана, які скраў у яе $25 тысяч. Трэба адзначыць, што падчас рамантычных адносін Іра МісМо на каханым мужчыне змагла зарабіць. Спачатку яна прадавала падпісчыцам фатаграфіі свайго бойфрэнда, а пасля расстання запісала некалькі відэа з гісторыяй кахання і здрады, кожнае з якіх прадала асобна.
Рэакцыя аўдыторыі на інтэрв’ю блогерцы не спадабалася і яна пачала пагражаць «Анлайнеру» судом — але пагрозамі ў блогу ўсё і скончылася.
Чытайце таксама:
Мінскай блогерцы не хапае на першы ўзнос за машыну. Яна прадае любімыя стрынгі за тысячу еўра
«Не ведаю, з чым звязана». Ганна Бонд абураецца, што не можа расплаціцца беларускай карткай у Вільні