Лондан доўга лічыўся сталіцай нажавых нападаў. Як гораду ўдалося збіць хвалю гвалту?
За восем гадоў колькасць маладых людзей, шпіталізаваных пасля нажавых нападаў, скарацілася больш чым удвая. Як уладам атрымалася істотна скараціць гвалт, расказвае Financial Times.
Удзельніца акцыі супраць нажавога гвалту ў Лондане з плакатамі «Кінь нож дзеля жыцця» і «Моладзь, ваша жыццё мае значэнне!». Акцыя прайшла 29 верасня 2023 года ў раёне Кройдан, дзе двума днямі раней зарэзалі 15‑гадовую школьніцу Эліян Андэм. Фота: Jordan Pettitt / PA Images / Getty Images.
У 2018 годзе Дональд Трамп рэзка крытыкаваў сітуацыю са злачыннасцю ў Лондане. «Нажы, нажы, нажы», — паўтараў ён, сцвярджаючы, што адна з гарадскіх бальніц нагадвае зону баявых дзеянняў, дзе падлогі залітыя крывёй. І нават у верасні 2026 года амерыканскі прэзідэнт працягваў называць узровень злачыннасці ў брытанскай сталіцы вельмі высокім.
Але статыстыка сведчыць, што за гэты час сітуацыя істотна змянілася. У 2018—2019 фінансавым годзе ў лонданскія бальніцы пасля нападаў з нажамі і іншымі вострымі прадметамі трапілі 585 чалавек ва ўзросце да 25 гадоў. За 12 месяцаў да ліпеня 2026‑га — 260. Гэта зніжэнне на 56%.
Менавіта колькасць шпіталізацый спецыялісты лічаць адным з найбольш надзейных паказчыкаў дынамікі нажавога гвалту. І, як піша Financial Times, яе зніжэнне супала з укараненнем у Лондане новага падыходу да праблемы.
Замест адных арыштаў — праца з падлеткамі
У 2019 годзе па ініцыятыве мэра Лондана Садзіка Хана пачало працаваць Упраўленне па зніжэнні ўзроўню гвалту (Violence Reduction Unit, VRU). За аснову ўзялі досвед Шатландыі, дзе яшчэ за два дзесяцігоддзі да гэтага сталі разглядаць гвалт не толькі як паліцэйскую праблему, але і як пытанне грамадскага здароўя — падобна да курэння або атлусцення.
Сутнасць падыходу ў тым, каб высветліць, чаму маладыя людзі трапляюць у злачыннае асяроддзе, і дапамагчы ім змяніць жыццё, пакуль не стала позна.
Даследаванні паказалі, што гвалт у Лондане размяркоўваецца вельмі нераўнамерна: на ўсяго 1% тэрыторыі горада прыпадае 70% выпадкаў гвалту. Таму праграму сканцэнтравалі прыкладна ў 30 найбольш праблемных раёнах.
За сем гадоў VRU атрымала каля $187 мільёнаў. Частку сродкаў атрымалі мясцовыя арганізацыі, якія добра ведаюць праблемы сваіх раёнаў. Напрыклад, каля $1,07 мільёна накіравалі аб'яднанню арганізацый, якія працуюць у бедным жылым квартале Хартс-Лэйн на ўсходзе Лондана.
Іх задача — знаходзіць падлеткаў, уцягнутых у гвалт або схільных да гэтага, і прапаноўваць ім іншыя жыццёвыя перспектывы.
Адзін з удзельнікаў праграмы, пра якога расказвае выданне, 16‑гадовы хлопец, асуджаны за ўдзел у гвалтоўнай бойцы і захоўванне нажа. Летась у праграму яго накіраваў прызначаны судом куратар па працы з непаўналетнімі правапарушальнікамі. Цяпер падлетак штотыдзень па дзве гадзіны сустракаецца з ментарам з мясцовай арганізацыі Be Heard as One. Той дапамог яму падаць заяўку на прафесійнае навучанне, і нядаўна хлопец пачаў працаваць з часовымі святлафорамі, якія ўсталёўваюць падчас рамонту дарог.
Але праграма не абмяжоўваецца такой індывідуальнай падтрымкай. Яе супрацоўнікі таксама працуюць у бальніцах з маладымі людзьмі, якія пацярпелі ад гвалту, і ў паліцэйскіх участках — з тымі, каго затрымалі ўпершыню. Разлік на тое, што пасля такіх падзей чалавек можа быць больш адкрыты да дапамогі і зменаў у сваім жыцці.
Ці сапраўды праграма працуе?
Як адзначае FT, разам са скарачэннем колькасці шпіталізацый у Лондане зменшылася і колькасць забойстваў падлеткаў. У 2021 годзе іх было 30 — найбольш з 2008-га. У 2025 годзе — толькі восем.
У Баркiнгу і Дагенеме, дзе рэалізуюць адну з мясцовых праграм, колькасць нажавых нападаў з раненнямі знізілася на 7,4% у параўнанні з перыядам да пачатку яе фінансавання.
Праўда, асобнай статыстыкі для невялікіх кварталаў, на якія непасрэдна скіраваная праграма, пакуль няма. Таму дакладна вызначыць, якую частку зніжэння злачыннасці забяспечыла менавіта яна, складана.
Тым не менш прафесар крыміналогіі Універсітэта Хала Іэн Брэнан, які даследаваў эфектыўнасць такіх падраздзяленняў, адзначае іх пэўныя поспехі. Найважнейшым ён лічыць тое, што прафілактыка гвалту перастала быць выключна справай паліцыі. Лонданскі досвед ужо перанялі іншыя рэгіёны: цяпер у Англіі і Уэльсе працуюць 20 падобных падраздзяленняў.
Чытайце таксама:
Дзе бяспечней жыць — у Еўропе ці ЗША?
У Брытаніі разгарэўся скандал вакол трагічнай смерці 18‑гадовага хлопца: паліцыянты яму не паверылі
Як Шатландыя змагла пазбавіцца рэпутацыі самай бандыцкай краіны Еўропы