Свет66

Як Шатландыя змагла пазбавіцца рэпутацыі самай бандыцкай краіны Еўропы

У пачатку 2000‑х гадоў імавернасць стаць ахвярай нападу ў Шатландыі была амаль у тры разы вышэйшай, чым у ЗША. Але калі шатландскія ўлады пачалі разглядаць злачыннасць як праблему грамадскага здароўя, узровень гвалту рэзка знізіўся. Як краіна змагла змяніць сітуацыю, расказвае BBC.

Конны паліцэйскі патруль на вуліцы Эдынбурга. Фота: AP Photo / Jon Super

У пачатку 2000‑х гадоў сітуацыя ў Шатландыі была крытычнай. У Глазга амаль штодня адбываліся напады з нажамі, вулічныя бойкі і сутыкненні моладзевых банд. Паводле ААН, краіна лічылася самай бандыцкай у развітым свеце: шатландцы мелі амаль у тры разы больш шанцаў стаць ахвярамі нападу, чым амерыканцы. Газеты былі перапоўненыя рэпартажамі пра жудасныя забойствы і крывавыя разборкі.

Каб змяніць сітуацыю, у 2005 годзе пры паліцыі стварылі Аддзел па змяншэнні гвалту (Scottish Violence Reduction Unit — SVRU). Яго супрацоўнікі атрымалі амаль поўную свабоду ў пошуку новых спосабаў барацьбы са злачыннасцю.

Перш за ўсё яны прааналізавалі даныя аб забойствах. Высветлілася, што большасць з іх не была загадзя спланаванай і не мела дачынення да арганізаванай злачыннасці. Найчасцей усё пачыналася са звычайнай сваркі двух чалавек, якая перарастала ў бойку, пасля чаго адзін з яе ўдзельнікаў хапаўся за нож. Гэта прывяло даследчыкаў да высновы, што змагацца трэба не толькі з наступствамі, але і з прычынамі гвалту.

Шатландцы змагаюцца са схільнасцю да агрэсіі як з хваробай

Супрацоўнікі SVRU прапанавалі незвычайны для праваахоўнікаў падыход: разглядаць гвалт не толькі як крымінальную праблему, але і як своеасаблівую сацыяльную хваробу, якую можна папярэдзіць. Замест таго каб рэагаваць толькі пасля злачынства, яны зрабілі стаўку на прафілактыку.

Логіка была падобная да барацьбы з інфекцыйнымі захворваннямі: лячэнне тых, хто ўжо захварэў, вакцынацыя груп найбольшай рызыкі і меры па прадухіленні далейшага распаўсюджвання хваробы.

Сам падыход не быў цалкам новым. Ідэя разглядаць гвалт як праблему грамадскага здароўя ўзнікла ў ЗША яшчэ ў 1970‑я гады, а ў 1996 годзе Сусветная арганізацыя аховы здароўя прызнала гвалт сур'ёзнай сусветнай праблемай грамадскага здароўя.

Аднак поспех шатландскай праграмы быў звязаны не столькі з самой ідэяй, колькі з яе адаптацыяй да мясцовых умоў. Спачатку супрацоўнікі SVRU вызначылі, хто знаходзіцца ў групе найбольшай рызыкі, што спрыяе ўзнікненню гвалту і якія абставіны, наадварот, дапамагаюць яго прадухіляць.

Высветлілася, што амаль дзве траціны ўсіх выпадкаў гвалту прыпадаюць усяго на 1% насельніцтва Шатландыі. Найбольшай рызыцы падвяргаюцца маладыя мужчыны з сацыяльна небяспечных раёнаў, асабліва калі яны беспрацоўныя, жывуць у беднасці або выхоўваліся ў нестабільным сямейным асяроддзі. Наадварот, высокі ўзровень адукацыі і добрыя адносіны з бацькамі істотна зніжаюць патэнцыйны ўдзел у гвалтоўных злачынствах.

Адным з першых незвычайных эксперыментаў сталі сустрэчы з удзельнікамі вулічных банд. Іх запрашалі ў будынак суда, дзе перад маладымі людзьмі выступалі не толькі паліцэйскія, але і дактары, людзі, у якіх забілі блізкіх, а таксама тыя, хто сам перажыў цяжкія напады. Пасля ўдзельнікам прапаноўвалі дапамогу, калі яны вырашаць парваць з крымінальным асяроддзем. З 473 чалавек, якія ўдзельнічалі ў такіх сустрэчах, амаль 400 пасля звярнуліся па падтрымку.

Паступова да працы па прадухіленні гвалту далучыліся школы, бальніцы, сацыяльныя службы і грамадскія арганізацыі. Медыкаў навучылі распазнаваць траўмы, звязаныя з гвалтам, дакументаваць іх і прапаноўваць пацыентам дапамогу. У школах замест выключэння праблемных вучняў усё большую ўвагу сталі надаваць прафілактыцы. Калі ў 2006/07 навучальным годзе ў Шатландыі са школ выключылі амаль 45 тысяч навучэнцаў, то ў 2022/ 23‑м — менш за 12 тысяч.

Новы падыход добра спалучыўся і з іншымі зменамі ў дзяржаўнай палітыцы — узмацненнем увагі да правоў дзяцей і іх дабрабыту. У выніку барацьбу з гвалтам усё часцей пачалі ўспрымаць не толькі як задачу праваахоўных органаў, але і як супольную справу сістэм адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнай падтрымкі.

Вынікі і выклікі барацьбы з гвалтоўнымі злачынствамі ў Шатландыі

Такая стратэгія прынесла прыкметныя вынікі. За наступнае дзесяцігоддзе колькасць забойстваў у Глазга скарацілася на 56%, а па ўсёй Шатландыі — на 38%. Агульны ўзровень гвалтоўнай злачыннасці з 2006 па 2015 год знізіўся амаль на траціну. Сёння краіна ўжо не ўваходзіць у лік еўрапейскіх лідараў па колькасці забойстваў, а паказчыкі на душу насельніцтва ніжэйшыя, чым у Швецыі, Францыі, Англіі і Уэльсе.

Поспех шатландскай мадэлі прыцягнуў увагу іншых краін. З 2019 года падобныя падраздзяленні па скарачэнні гвалту пачалі працаваць у дваццаці паліцэйскіх акругах Англіі і Уэльса. Першыя ацэнкі таксама сведчаць пра змяншэнне колькасці найбольш цяжкіх формаў гвалтоўных злачынстваў у тых месцах, дзе яны дзейнічаюць.

Сёння SVRU застаецца часткай паліцыі Шатландыі і штогод атрымлівае 1,45 мільёна даляраў фінансавання ад урада краіны. Разам з тым спецыялісты падкрэсліваюць, што праблема не знікла. Паводле даследавання 2024 года, апошнім часам тэмпы скарачэння цяжкага гвалту запаволіліся.

Да новых выклікаў яны таксама адносяць уплыў сацыяльных сетак, доўгатэрміновыя наступствы пандэміі COVID-19 і высокі ўзровень беднасці (праўда, беднасці па шатландскіх мерках — яны нашмат вышэйшыя за беларускія) — амаль кожнае чацвёртае дзіця ў Шатландыі расце ў беднай сям'і.

Пры гэтым змяняецца і сам характар праблемы. Калі раней асноўную ўвагу надавалі падлеткам і маладым людзям, то цяпер большасць абвінавачаных у забойствах — людзі 30—40 гадоў. Гэта азначае, што ўжо правераныя падыходы трэба дапаўняць новымі.

У SVRU лічаць, што гвалт можна прадухіліць, але для гэтага неабходна і далей працаваць са школамі, сацыяльнымі службамі, дабрачыннымі арганізацыямі і мясцовымі супольнасцямі.

Каментары6

  • Наказатель
    04.07.2026
    Смертная казнь за подобные тяжкие преступления, за обычную драку - 10 лет лагерей, на Северное море в тяжелейшие условия труда. Ответственность начинается в 12 лет. После освобождения вечный учёт в полиции и ограничения. И самое главное - полное информационное обеспечение, чтобы все знали кто преступник, какое наказание и что тебе светит если ты сделаешь такое же. Вот мой рецепт.

    [Зрэдагавана]
  • ДIN
    04.07.2026
    Сацыёлаг, выехад з ЕЗ
  • Van der Graaf
    04.07.2026
    Сацыёлаг,
    BBC жа! Камэдыйнае мэдыя.

Цяпер чытаюць

У Расіі разбіўся стратэгічны бамбардзіроўшчык Ту-9512

У Расіі разбіўся стратэгічны бамбардзіроўшчык Ту-95

Усе навіны →
Усе навіны

Сезон у НХЛ пачнуць пяцёра беларускіх хакеістаў

Нямецкага футбаліста атруціў яго аднаклубнік. Магчыма, праз рэўнасць

Зяленскі: Расія фактычна пачала дадатковую мабілізацыю2

Амерыканскія войскі цалкам пакінулі Ірак1

Хлопец прыехаў з Емена, каб стаць стаматолагам, і за 10 гадоў амаль стаў беларусам15

Расійскі дрон зноў упаў каля самага прапускнога пункта на ўкраінска-польскай мяжы2

У Гомелі па Сожы плаваў стары цеплаход без экіпажу на борце

Палове адмовілі, траціне далі статус бежанца. Сталі вядомыя жнівеньскія вынікі разглядаў заяў беларусаў на міжнародную абарону ў Польшчы27

У Мінску п'яны дзед пакінуў без нагляду трохгадовае дзіця. Яно выбегла на дарогу і трапіла пад грузавік6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Расіі разбіўся стратэгічны бамбардзіроўшчык Ту-9512

У Расіі разбіўся стратэгічны бамбардзіроўшчык Ту-95

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць