БЕЛ Ł РУС

Падводны паляўнічы паляваў на Бярэзіне і знайшоў чалавечае цела

9.11.2026 / 17:49

Nashaniva.com

Мужчына, які займаўся падводным паляваннем на Бярэзіне ў Асіповіцкім раёне, знайшоў у вадзе чалавечае цела. Высветлілася, што гэта 45‑гадовы жыхар Бабруйска, які прапаў яшчэ ў снежні мінулага года. Яго асобу ўдалося вызначыць з дапамогай ДНК-экспертызы, паведамілі ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз.

Фота: ДКСЭ

Цела знайшлі ў канцы верасня ў рацэ Бярэзіне каля аграгарадка Краснае. Яно ўжо моцна расклалася, таму апазнаць загінулага па знешнасці было немагчыма. Пры ім таксама не было дакументаў. Аднак у міліцыі ўзнікла здагадка, што гэта можа быць мужчына, які знік у гэтых мясцінах амаль дзесяць месяцаў таму.

У снежні 2025 года 45‑гадовы жыхар Бабруйска разам з сябрам прыехаў у Асіповіцкі раён да свайго брата. Увечары, пасля ўжывання алкаголю, ён адправіўся на раку лавіць рыбу і больш не вярнуўся. На наступную раніцу каля берага знайшлі толькі яго лодку з рыбалоўнымі прыладамі. Самога мужчыну тады знайсці не ўдалося і на працягу некалькіх месяцаў пра яго лёс нічога не было вядома.

Каб вызначыць асобу загінулага, эксперты параўналі ўзоры ДНК, узятыя з цела знойдзенага ў рацэ чалавека і роднага брата зніклага рыбака.

Аналіз ДНК па Y-храмасоме пацвердзіў іх сваяцтва па мужчынскай лініі. Такім чынам удалося высветліць, што знойдзенае цела належыць знікламу жыхару Бабруйска.

У Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз паведамілі, што падчас судова-медыцынскай экспертызы цела не знайшлі прыкмет, якія б сведчылі пра крымінальны характар смерці.

Чытайце таксама:

У Бабруйскім раёне 70‑гадовы мужчына патануў у калодзежы

У вадасховішчы Вяча патанула жанчына

Знайшлі загінулым мінчука, што прапаў два тыдні таму

Мінпрыроды хоча, каб раённыя чыноўнікі не забаранялі купацца ў вадаёмах без тлумачэння

Каментары да артыкула