У Турцыі адбыўся выбух на металургічным заводзе. Як мінімум 16 загінулых
У турэцкім партовым горадзе Аліяга ў правінцыі Ізмір 9 лістапада адбыўся выбух на металургічным заводзе. Загінулі прынамсі 16 чалавек, яшчэ 13 атрымалі розныя траўмы і знаходзяцца ў медыцынскіх установах. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган, піша Deutsche Welle.
Скрыншот з відэа
Пошукава-выратавальная аперацыя працягваецца: пад заваламі могуць заставацца людзі. Паводле папярэдняй версіі, прычынай аварыі стала падзенне маставога крана падчас вытворчага працэсу. Кран абарваўся і ўпаў у прамысловую печ, пасля чаго адбыўся выбух.
Відавочцы паведамлялі пра моцны выбух, густы дым і пажар над вытворчымі цэхамі. На відэазапісах з месца здарэння відаць полымя і клубы пылу, якія падняліся над тэрыторыяй прадпрыемства.
Мэр Ізміра Джэміль Тугай заявіў, што канчатковая колькасць загінулых і пацярпелых стане вядомая толькі пасля завяршэння разбору завалаў.
Аліяга — адзін з найбуйнейшых прамысловых цэнтраў Турцыі. Тут размешчаныя сталеліцейныя прадпрыемствы, нафтаперапрацоўчы завод, хімічныя вытворчасці, а таксама найбуйнейшы ў краіне цэнтр утылізацыі суднаў.
Мясцовыя СМІ нагадваюць, што ў пачатку лістапада на адным з прадпрыемстваў горада загінуў 20‑гадовы работнік. Эксперты па ахове працы неаднаразова папярэджвалі пра высокі ўзровень вытворчага траўматызму ў рэгіёне. Яны звязвалі гэта з недастатковым кантролем за бяспекай і вялікай вытворчай нагрузкай.
Чытайце таксама:
На Канарскія выспы працягваюць прыбываць уцекачы. 34 чалавекі загінулі падчас крушэння судна
У Харватыі перакуліўся пасажырскі аўтобус. Беларуска атрымала траўмы, дзве пасажыркі загінулі
Катастрофа на чыгунцы ў Егіпце — сем загінулых, больш за 100 параненых