БЕЛ Ł РУС

У Беларусі ўсё больш машын у продажы. Старыя карчы яшчэ складаней прадаць?

15.11.2026 / 13:58

Nashaniva.com

На гэтым фоне продажы новых аўто і імпарт працягваюць расці.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Машын у продажы ўсё больш

Па стане на сярэдзіну лістапада на найбуйнейшай аўтапляцоўцы ў Беларусі — av.by — размешчана больш за 105 тысяч аб'яў аб продажы машын. 

Пры гэтым яшчэ год таму іх было каля 92 тысяч, а ў лістападзе 2024‑га — 77 тысяч. У лістападзе 2023‑га ў продажы было каля 70 тысяч аўто.

Скрыншоты з сайта av.by за лістапад 2026 і 2025 года.

Падобная сітуацыя і на «Куфры». Там цяпер 56 600 актыўных аб'яваў па продажы аўто. Летась, у лістападзе 2025-га, іх было каля 33 тысяч.

Рост колькасці машын у продажы адбываецца на фоне росту продажаў новых аўто. У прыватнасці, цягам апошніх трох месяцаў у Беларусі куплялі каля 10 тысяч новых аўто штомесяц. Агулам за дзесяць месяцаў у краіне прадалі каля 75 тысяч новых машын.

Імпарт патрыманых аўто таксама вырас. Агулам за дзесяць месяцаў гэтага года ў краіну ўжо ўвезлі больш машын, чым за ўвесь 2025 год, які таксама паказаў рост у параўнанні з 2024-м.

Чаму так адбываецца?

Ёсць некалькі прычын, чаму беларусы з кожным годам купляюць усё больш машын, як новых, так і патрыманых.

Адна з іх — гэта рост рэальных даходаў насельніцтва.

Дадатковым стымулам з'яўляецца ільготнае крэдытаванне на куплю аўто беларускай зборкі. Таму і не дзіва, што больш за 60% продажаў новых аўто прыходзіцца на Geely/Belgee.

А з улікам таго, што ў Беларусі збіраюць не толькі гэтыя маркі, але і ўжо даволі папулярны Dongfeng і некаторыя іншыя мадэлі кітайскіх марак, то доля машын з адзнакай «Зроблена ў Беларусі» яшчэ большая за 60%.

Што да прыгону машын фізічнымі асобамі (у асноўным з ЗША, Кітая і Еўропы), то адной з прычын росту з'яўляецца жаданне інвеставаць у аўто, каб пасля прадаць яго ў плюс.

Агрэсіўная рэклама з боку кампаній, якія займаюцца прыгонам аўто, і блогераў падштурхоўвае ўсё больш людзей станавіцца міні-перакупамі, бо ім абяцаюць ледзь не 40‑працэнтны прыбытак з аўто.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

З улікам таго, што яшчэ з 1 кастрычніка 2024 года перапродаж свежапрыгнаных аўто ў Расію праз змены ў расійскім заканадаўстве немагчымы, такія машыны прадаюцца толькі на мясцовым рынку.

У Расію могуць ісці толькі машыны, якія былі ўвезеныя ў Беларусь больш за 12 месяцаў да ўвозу ў Расію. А з улікам абмежаванняў па магутнасці (ільготны ўтыльзбор у Расіі — толькі на аўто да 160 к. с.), больш магутныя аўто застаюцца фактычна непраходнымі на Расію і пасля года эксплуатацыі ў Беларусі.

Цана і стан вырашаюць

Праз тое, што машын у продажы з кожным месяцам усё больш, ад прадаўцоў часцей можна пачуць, што машыны ў Беларусі раскупляюць дрэнна і павольна. Але сцвярджаць, што рынак цалкам спыніўся, таксама не зусім карэктна.

Адзін з перакупаў кажа, што аўтамабілі ў Беларусі прадаюцца нармальна — галоўнае, каб стан і цана былі адэкватнымі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Праблема беларускага рынку ў тым, што большасць прадаўцоў неадэкватна ацэньвае аўто», — лічыць ён.

«Асабліва моцна гэта праглядаецца ў сегменце свежых машын. У нас людзі любяць выставіць на продаж двух— ці трохгадовае аўто па цане амаль як за новае. Натуральна, што такія варыянты вісяць у продажы месяцамі і нават гадамі, бо патрыманы «кітаец» мала каму цікавы, калі цана не вельмі моцна адрозніваецца ад новай», — тлумачыць суразмоўца.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Таксама, па назіраннях перакупа, часам доўга прадаюцца і аўто таннага сегменту.

«Людзі хочуць за 20‑гадовага карча выручыць добрыя грошы. У выніку такая машына будзе вечна вісець у продажу, а прадавец — казаць, што гэта рынак цяпер мёртвы, а не ягоная машына ўжо нічога не вартая, бо патрабуе шмат укладанняў».

Рынак перанасыціўся, бо кожны другі — перакуп?

Уласнік невялікага аўтакамісу адзначае, што продажы гэтай восенню сапраўды слабыя.

«Неяк з канца верасня попыт прасеў, але калі машына ў добрым стане і па добрай цане, то яна прадаецца. Таксама добра ідуць машыны, праходныя на Расію. Але іх выбар абмежаваны, бо мусіць і дата ўвозу быць большая за 12 месяцаў, і рухавік — да 160 конскіх сіл», — кажа бізнэсмен.

Што да так званых інвестыцыйных машын, то, па яго назіраннях, такіх сапраўды нямала, бо ў перакупы пачынаюць лезці ўсе, хто мае вольныя грошы і хоча падзарабіць.

«Асабліва любяць прыганяць на продаж машыны з ЗША і Кітая. У кагосьці сапраўды атрымліваецца выгадна прыгнаць, а іншыя нават свае грошы вярнуць не могуць, бо праз адсутнасць досведу купляюць не вельмі добрыя аўто», — тлумачыць спецыяліст.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Цікавасць да продажу аўто праз камісіёнкі ён тлумачыць тым, што яны прапануюць лізінг і крэдыт.

«Большая частка машын прадаецца з прыцягненнем фінансавання, плюс некаторыя перагоншчыкі банальна не хочуць адсвечвацца, каб пасля не мець праблем з падатковай, таму ставяць машыну на пляцоўку», — кажа ўласнік камісу, дзе большасць аўто — свежапрывезеныя з Еўропы і ЗША.

Пры гэтым суразмоўца адзначае, што саміх камісіёнак становіцца ўсё больш і ўсе яны знаходзяць аўто для продажу, што, на яго думку, таксама ўказвае на тое, што рынак становіцца перанасычаным.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула