Дэніэл Рэдкліф прызнаўся, што наўрад ці будзе глядзець новага «Гары Потэра»
Брытанскі акцёр, першы выканаўца ролі Гары Потэра Дэніэл Рэдкліф расказаў, што пакуль не вырашыў, ці будзе глядзець новы серыял HBO пра Гары Потэра. Пра гэта акцёра спыталі ў інтэрв’ю Associated Press. Паводле яго слоў, справа тут не ў магчымай якасці экранізацыі або творчых рашэннях яе стваральнікаў.
Дэніэл Рэдкліф. Фота: Evan Agostini/Invision/AP
Рэдкліф патлумачыў, што ўжо дастаткова паглядзеў «Гары Потэра» і сам шмат здымаўся ў гэтай гісторыі. Акрамя таго, ён увогуле рэдка глядзіць серыялы. Напрыклад, не бачыў нават такіх вядомых праектаў, як «Ва ўсе цяжкія» і «Вар'яты». Акцёр дадаў, што восем гадзін перад экранам — гэта даволі шмат незалежна ад таго, што глядзіш.
Рэдкліф таксама патлумачыў, чаму не хоча даваць парады 12‑гадоваму Дамініку Маклафліну, які сыграе Гары Потэра ў новай экранізацыі. Ён разумее, якая ўвага прыкавана да юнага акцёра, і не хоча ствараць яму дадатковых цяжкасцяў.
Па словах Рэдкліфа, хлопец павінен сам справіцца са сваёй роляй. Калі ён дасць яму нейкую параду, журналісты могуць пачаць пытацца ў Маклафліна, чаму той не робіць так, як раіць Дэніел. Акцёр жа не хоча, каб яго словы пастаянна пераследавалі юнага пераемніка падчас інтэрв’ю. Пры гэтым ён упэўнены, што Дамінік будзе выдатны, і спадзяецца пазнаёміцца з ім у будучыні.
Летась Рэдкліф усё ж напісаў Маклафліну ліст, у якім пажадаў, каб здымкі прынеслі яму яшчэ больш радасці, чым калісьці самому Дэніелу. Судзячы з яго слоў, пакуль гэтым іх кантакты і абмежаваліся.
Першы сезон серыяла «Гары Потэр і філасофскі камень» павінен выйсці 25 снежня на HBO і HBO Max.
Чытайце таксама:
Актрыса з «Гары Потэра» зарабіла на «Онліфанс» больш, чым за ўсе свае здымкі ў кіно