БЕЛ Ł РУС

Некаторым людзям сапраўды хапае чатырох гадзін сну. Што пра гэта кажа генетыка

11.11.2026 / 16:33

Ідаля Салавей

Большасці дарослых людзей неабходна сем-дзевяць гадзін сну. Але ёсць людзі, якія высыпаюцца ўсяго за чатыры-шэсць гадзін і пры гэтым не адчуваюць стомленасці. Навукоўцы знайшлі генетычныя асаблівасці, якія могуць тлумачыць гэтую здольнасць, піша BBC Future.

Рэдкія гены кароткага сну

У 2009 годзе даследчыкі з Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Сан-Францыска выявілі адну з рэдкіх спадчынных мутацый, звязаных з такой асаблівасцю. Яе называюць сямейным натуральным кароткім сном (FNSS). Носьбіты адпаведных мутацый звычайна кладуцца спаць у звыклы час, але прачынаюцца значна раней за іншых і не адчуваюць патрэбы спаць далей.

З таго часу навукоўцы вызначылі яшчэ некалькі звязаных з ёй генетычных мутацый. Аднак галоўная загадка застаецца: чаму гэтыя людзі могуць спаць так мала і пры гэтым не адчуваць негатыўных наступстваў?

Даследаванні паказваюць, што некаторыя мутацыі, магчыма, не толькі скарачаюць патрэбу ў сне, але і абараняюць арганізм ад яго недахопу. Напрыклад, у эксперыменце 2019 года навукоўцы ўвялі мышам адну з такіх мутацый.

Жывёлы сталі спаць менш, але пры гэтым аказаліся больш устойлівымі да парушэнняў памяці. Іншыя эксперыменты паказалі, што некаторыя падобныя генетычныя варыянты могуць таксама абараняць мышэй ад змен, характэрных для хваробы Альцгеймера.

Цікавыя вынікі атрымалі і пры даследаванні двух братоў-блізнят, толькі адзін з якіх меў мутацыю, звязаную з кароткім сном. Ён рэгулярна спаў прыкладна на гадзіну менш за брата. Навукоўцы правялі эксперымент, падчас якога абодва браты не спалі 38 гадзін запар, а іх увагу і працаздольнасць перыядычна правяралі з дапамогай тэстаў. Высветлілася, што носьбіт мутацыі дапускаў прыкладна на 40% менш памылак, чым яго брат.

Пры гэтым хоць адзін з братоў спаў менш, працягласць павольнага сну, у тым ліку глыбокага, у іх амаль не адрознівалася. Магчыма, арганізм носьбіта мутацыі здольны больш эфектыўна выкарыстоўваць час, адведзены на сон.

Пакуль гэта толькі гіпотэза. Навукоўцам яшчэ трэба зразумець, якія менавіта працэсы дазваляюць некаторым людзям паўнавартасна адпачываць за карацейшы час.

Не ўсе гены кароткага сну аднолькава карысныя

Рэдкія мутацыі, якія дазваляюць спаць усяго некалькі гадзін, складаюць толькі частку складанай генетычнай карціны. Насамрэч на працягласць сну ўплываюць сотні ўчасткаў геному. Паводле розных ацэнак, спадчыннасць можа тлумачыць ад 30 да 65% адрозненняў у працягласці сну паміж людзьмі.

У новым даследаванні генетыкі прааналізавалі звесткі амаль 650 тысяч дарослых і выявілі каля 244 участкаў геному, звязаных з працягласцю сну. Кожны з распаўсюджаных генетычных варыянтаў паасобку ўплывае на яе нязначна, у сярэднім прыкладна на хвіліну. Але іх сукупны ўплыў можа тлумачыць розніцу ў працягласці сну паміж людзьмі прыкладна на 20 хвілін. Пры гэтым генетычная схільнасць спаць менш зусім не абавязкова азначае, што арганізм лепш пераносіць недасыпанне.

Напрыклад, навукоўцы вывучылі 343 жанчын з біпалярным разладам, якія нарадзілі дзяцей. У тых, хто меў найбольшую генетычную схільнасць да кароткага сну, рызыка пасляродавага псіхозу была ўдвая меншай, чым у жанчын з найменшай такой схільнасцю. Магчыма, іх арганізм лепш прыстасаваны да парушэнняў сну пасля нараджэння дзіцяці.

Але даследаванні на больш шырокіх групах насельніцтва выявілі і супрацьлеглую заканамернасць. Некаторыя генетычныя варыянты, звязаныя з карацейшым сном, адначасова асацыююцца з павышанай рызыкай бяссонніцы, стомленасці, дэпрэсіўных сімптомаў і дыябету другога тыпу.

Мы можам не заўважаць недасыпання

Адрозніць натуральную патрэбу ў кароткім сне ад звычайнага недасыпання складаней, чым здаецца. Галоўная праблема ў тым, што чалавек не заўсёды здольны аб'ектыўна ацаніць свой стан.

У адным з эксперыментаў здаровых дарослых падзялілі на групы. На працягу двух тыдняў адной групе дазвалялі праводзіць у ложку толькі чатыры гадзіны за ноч, другой шэсць. З кожным днём вынікі тэстаў на ўвагу і разумовую працаздольнасць пагаршаліся. Аднак самі ўдзельнікі ацэньвалі сваю санлівасць як нязначную, нават калі назапашаныя парушэнні ўжо былі сур'ёзнымі.

Такім чынам, адчуванне бадзёрасці пасля кароткага сну яшчэ не даказвае, што арганізму сапраўды хапіла адпачынку. Навукоўцы спадзяюцца, што далейшае вывучэнне генетыкі дапаможа адрозніваць людзей, якім ад прыроды неабходна менш сну, ад тых, хто проста прывык да недасыпання. У перспектыве гэта можа прывесці да стварэння прэпаратаў, якія дапамогуць арганізму лепш пераносіць недахоп сну, але пакуль механізмы такой абароны недастаткова вывучаныя.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула