У Кітаі гэтую працэдуру зрабілі тысячам людзей з Альцгеймерам, але эксперты спрачаюцца, ці будзе сэнс
У Кітаі тысячы пацыентаў з хваробай Альцгеймера прайшлі незвычайную аперацыю, якая, паводле яе прыхільнікаў, можа палепшыць памяць і іншыя разумовыя здольнасці. Некаторыя сем'і плацілі за яе больш за $30 тысяч. Аднак навукоўцы пакуль не могуць сказаць, ці сапраўды працэдура дапамагае. Пра спрэчны метад піша BBC Science Focus.

Усё пачалося з відэа, якія сталі набіраць папулярнасць у кітайскіх сацыяльных сетках. На іх паказвалі пацыентаў з хваробай Альцгеймера, стан якіх нібыта палепшаў пасля хірургічнага ўмяшання. Некаторыя пачыналі больш размаўляць, лепш арыентавацца ў навакольным свеце і пазнаваць родных.
Гэтыя гісторыі выклікалі вялікую цікавасць да новай методыкі. У розных бальніцах Кітая яе сталі прымяняць яшчэ да таго, як эфектыўнасць была належным чынам правераная ў клінічных выпрабаваннях.
Чым жа адрозніваецца гэтая аперацыя ад іншых спосабаў лячэння Альцгеймера?
Замест лекаў — аперацыя на шыі
Пры хваробе Альцгеймера ў мозгу паступова назапашваюцца паталагічныя формы бялкоў бэта-амілоіду і таў. Гэтыя змены звязаныя з парушэннем працы і гібеллю нервовых клетак. У выніку ў чалавека горшаюць памяць, мысленне, а з развіццём захворвання — і здольнасць выконваць звычайныя паўсядзённыя справы.
Сучасная медыцына пакуль не ўмее вылечваць хваробу Альцгеймера. Існуюць прэпараты, якія могуць запавольваць яе развіццё, у тым ліку шляхам выдалення бэта-амілоіду з мозга. Але навукоўцы шукаюць і іншыя падыходы.
Адзін з іх заснаваны на тым, што мозг мае ўласную сістэму выдалення прадуктаў абмену рэчываў. Вадкасць, якая цыркулюе ў ім і вакол яго, дапамагае выводзіць непатрэбныя рэчывы. Частка гэтай вадкасці ў выніку трапляе ў лімфатычныя сасуды шыі.
Кітайскія хірургі прапанавалі паскорыць гэты працэс. Падчас аперацыі, якая называецца глыбокім шыйным лімфатычна-вянозным анастамозам (dcLVA), яны злучаюць дробныя лімфатычныя сасуды шыі з суседнімі венамі.
Так для лімфатычнай вадкасці ствараецца дадатковы шлях адтоку ў крывацёк. Мяркуецца, што гэта можа палепшыць выдаленне з мозга бэта-амілоіду і іншых рэчываў, звязаных з развіццём захворвання.
Паляпшэнні ёсць, але…
Упершыню методыку апісалі ў кітайскім навуковым часопісе ў 2022 годзе. З таго часу аперацыю правялі тысячам пацыентаў. Аднак даследаванні яе эфектыўнасці пакуль былі невялікімі.
Найбуйнейшая з апублікаваных прац выйшла ў 2026 годзе ў часопісе Alzheimer's & Dementia. У ёй даследчыкі назіралі за 139 пацыентамі з цяжкай формай хваробы Альцгеймера.
На працягу шасці месяцаў пасля аперацыі ў часткі з іх адзначылі паляпшэнні. Пацыенты сталі больш размаўляць і кантактаваць з асяроддзем, лепш спраўляцца з паўсядзённымі справамі, а некаторыя пачалі лепш пазнаваць блізкіх. Былі зафіксаваныя таксама пэўныя паляпшэнні паказчыкаў разумовай дзейнасці і біямаркераў захворвання.
Але ў даследавання быў істотны недахоп: не было кантрольнай групы — пацыентаў з аналагічным захворваннем, якім аперацыю не рабілі.
Без такога параўнання немагчыма ўпэўнена вызначыць, ці былі паляпшэнні вынікам аперацыі. На стан пацыентаў маглі паўплываць іншае лячэнне, асаблівасці догляду або натуральныя ваганні сімптомаў.
Недастаткова вывучаныя і рызыкі самога ўмяшання, яго доўгатэрміновыя наступствы, а таксама магчымасць бяспечна праводзіць такія аперацыі па-за спецыялізаванымі медыцынскімі цэнтрамі.
Пры гэтым навуковыя падставы для далейшага вывучэння методыкі ёсць. Прафесар Вашынгтонскага ўніверсітэта Джонатан Кіпніс, які ў 2015 годзе ўзначальваў групу даследчыкаў лімфатычнай сістэмы мазгавых абалонак, адзначае, што з узростам адток вадкасці з мозгу сапраўды змяняецца. Эксперыменты таксама паказваюць, што ўздзеянне на гэтую сістэму можа ўплываць на працу мозга.
Аднак, падкрэслівае навуковец, гэта яшчэ не даказвае, што прапанаваная кітайскімі хірургамі аперацыя дапамагае пры хваробе Альцгеймера. Менавіта з-за недахопу надзейных доказаў у 2025 годзе кітайскія рэгулятары дазволілі праводзіць такія аперацыі толькі ў рамках афіцыйных клінічных выпрабаванняў.
Цяпер кантраляваныя выпрабаванні пачынаюцца ў Кітаі, ЗША і Паўднёвай Карэі. На гэты раз даследчыкі будуць параўноўваць стан праапераваных пацыентаў з кантрольнымі групамі.
Гэта павінна дапамагчы высветліць, ці сапраўды паляпшэнне адтоку лімфатычнай вадкасці можа запавольваць развіццё хваробы Альцгеймера або змякчаць яе сімптомы. Калі эфектыўнасць і бяспека методыкі пацвердзяцца, яна можа стаць адным са спосабаў лячэння асобных пацыентаў.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары