БЕЛ Ł РУС

Кітайскі BYD кідае выклік Rolls-Royce: паказаў электрычны лімузін для звышбагатых

11.11.2026 / 15:29

Антось Жупран

Кітайскі аўтавытворца прадставіў раскошны электрамабіль коштам каля 300 тысяч даляраў. Ён павінен скласці канкурэнцыю Bentley, Mercedes-Maybach і Rolls-Royce.

Yangwang Altior. Фота тут і далей: media.byd.com

Як піша Forbes, кампанія BYD прадставіла ў Абу-Дабі электрычны лімузін Yangwang Altior, які прэтэндуе на месца сярод самых раскошных аўтамабіляў свету. Навінка выпускаецца пад маркай Yangwang, створанай у 2022 годзе для найбольш дарагіх мадэляў кітайскага канцэрна.

Назва брэнда перакладаецца з кітайскай як «глядзець угору», а Altior на лаціне азначае «вышэйшы». Распрацоўшчыкі заяўляюць, што імкнуліся спалучыць сучасныя тэхналогіі з традыцыямі кітайскай культуры.

Даўжыня Altior складае каля 5,6 метра, шырыня амаль два метры. Сваімі памерамі і сілуэтам аўтамабіль нагадвае Rolls-Royce Ghost. Падабенства падкрэсліваюць масіўны капот і заднія дзверы, якія адчыняюцца супраць кірунку руху. Як і ў Rolls-Royce, у іх прадугледжаныя спецыяльныя адсекі для парасонаў. Пры гэтым кітайскія дызайнеры пастараліся надаць машыне ўласны характар: радыятарная рашотка і фары пераліваюцца на святле, нагадваючы ювелірныя ўпрыгажэнні.

У адрозненне ад Rolls-Royce Ghost, навінка мае цалкам электрычны прывад. Яе заяўлены запас ходу перавышае 1000 кіламетраў. Праўда, гэта паказчык паводле кітайскага цыкла выпрабаванняў CLTC, які звычайна дае больш аптымістычныя вынікі, чым еўрапейскія і амерыканскія стандарты.

BYD таксама робіць стаўку на звышхуткую зарадку. Яе тэхналогія Flash Charging дазваляе выкарыстоўваць магутнасць да 1500 кілават і ў адпаведных умовах папаўняць зарад батарэі з 10 да 70% усяго за пяць хвілін. Аднак канкрэтныя характарыстыкі зарадкі Altior, ёмістасць яго батарэі і магутнасць рухавікоў пакуль не раскрываюцца. Больш падрабязную інфармацыю абяцаюць апублікаваць вясной 2027 года.

Салон для тых, хто ездзіць з асабістым кіроўцам

Галоўная ўвага ў Altior аддадзеная пасажырам задняга шэрагу. Для іх прадугледжаныя два вялікія крэслы, падобныя да сядзенняў першага класа ў самалётах. Яны маюць мноства рэгуляванняў, падстаўкі для ног і механічную сістэму масажу з чатырма шарападобнымі элементамі. Паводле вытворцы, такі масаж глыбейшы і мацнейшы за той, які забяспечваюць звычайныя пнеўматычныя сістэмы.

Адным націсканнем кнопкі салон можна перавесці ў рэжым адпачынку. Крэслы адкідваюцца, падстаўкі для ног падымаюцца, шторкі на вокнах закрываюцца, асвятленне становіцца мякчэйшым, уключаюцца масаж і выбраны водар.

Прасторы таксама не пашкадавалі. Паводле BYD, пасажыры ззаду маюць каля 121 сантыметра месца для ног. На падлозе ляжаць тоўстыя дываны, а паміж крэсламі размешчаная шырокая цэнтральная кансоль.

За забавы адказвае аўдыясістэма Dynaudio з 39 дынамікамі. Пры ўключэнні аўтамабіля некаторыя высокачастотныя дынамікі падымаюцца і паварочваюцца. Са столі апускаецца экран дыяганаллю 21,4 цалі, на якім можна глядзець фільмы або праводзіць відэаканферэнцыі. Пярэдняя панэль атрымала вялізны лічбавы дысплей і тры круглыя экраны, стылізаваныя пад класічныя прыборы.

Аўтамабіль таксама абсталяваны сістэмамі дапамогі кіроўцу. Для іх працы выкарыстоўваецца LiDAR, размешчаны ў пярэдняй частцы даху. Гэта лазерны датчык, які вызначае адлегласць да навакольных аб'ектаў і дапамагае машыне арыентавацца ў прасторы.

Кошт каля 300 тысяч даляраў

У Кітаі ўжо пачалі прымаць папярэднія заказы на лімітаваную версію Altior. Яе арыенціровачны кошт складае каля 300 тысяч даляраў. Плануецца выпусціць толькі 399 такіх аўтамабіляў.

Па цане навінка бліжэйшая да Rolls-Royce Ghost, чым да значна даражэйшага Phantom. Пры гэтым BYD разлічвае прапанаваць пакупнікам не толькі супастаўны ўзровень раскошы, але і найноўшыя электрычныя тэхналогіі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула