БЕЛ Ł РУС

Ад талмудыстаў з Гродна да амерыканскіх мільянераў. У Траццякоўцы адкрылася вялікая выстава Льва Бакста

12.11.2026 / 08:00

Ф. Раўбіч

У Маскве да 160‑годдзя з дня нараджэння знакамітага ўраджэнца Гродна Льва Бакста сабралі ягоныя карціны, тэатральныя касцюмы, эскізы для парыжскіх дамоў моды і тысячы архіўных дакументаў. Адначасова з арыгінальнымі артэфактамі пачатку XX стагоддзя куратары паказалі віртуальнае дэфіле, дзе пашытыя паводле малюнкаў мастака сукенкі дэманструе штучны інтэлект.

Антычная пластыка ў эскізах Льва Бакста да «Рускіх сезонаў»: эскіз касцюма Фаўна да балета «Пасляпаўдзённы адпачынак фаўна» (1912) і эскіз касцюмаў двух беатыек да балета «Нарцыс» (1911). Фота: Wikimedia Commons

Дзяржаўная Траццякоўская галерэя (Масква, Расія) 9 лістапада прадставіла выставачны праект, які заняў адразу два паверхі Інжынернага корпуса і працягнецца да 18 красавіка 2027 года. Як адзначае выданне Buro 24/7, экспазіцыя аб’яднала прадметы з больш чым дзесяці расійскіх збораў, сярод якіх Рускі музей, ДМІІ імя Пушкіна, Гістарычны і Бахрушынскі музеі. Куратарамі выступілі загадчыца аддзела графікі XVIII — пачатку XX стагоддзя Ірына Шуманава і загадчыца аддзела рукапісаў Траццякоўкі Алена Тэркель.

Гродзенскія карані і зяць Паўла Траццякова

Аўтапартрэт Льва Бакста, 1906 год. Палатно, алей. Фота: Дзяржаўны Рускі музей

Будучы рэфарматар еўрапейскага тэатра і моды нарадзіўся ў 1866 годзе ў Гродне пад імем Лейб-Хаім Ізраілевіч Розенберг у артадаксальнай яўрэйскай сям’і. Ягоны бацька быў знаўцам Талмуда, аднак фінансавы дабрабыт сям’і забяспечваў дзед па кудзелі — паспяховы пастаўшчык сукна для расійскай арміі Пінхус Розенберг.

Паводле ўспамінаў пляменніцы мастака Марыі Клячко, дзявочае прозвішча маці было Бакстэр, ад чаго ў 1889 годзе і ўтварыўся псеўданім Бакст. Каб вывезці сям’ю адзінай дачкі за мяжу аселасці ў Санкт-Пецярбург і вызваліць зяця ад вайсковай павіннасці, дзед афіцыйна ўсынавіў мужа сваёй дачкі. Пры гэтым бабуля мастака, Рыўка Маргенштэрн, ехаць у сталіцу адмовілася, бо пабаялася чыгункі, і засталася дажываць век у Гродне.

У Пецярбургу Леў Розенберг паступіў вольнаслухачом у Акадэмію мастацтваў, але пакінуў яе ў 1887 годзе пасля скандалу вакол ягонай занадта экспрэсіўнай конкурснай карціны «Аплакванне Хрыста».

Калі ў 1886 годзе бацькі развяліся і стварылі новыя сем’і, Леў, ягоны малодшы брат Ісай і сёстры Сафія ды Разалія знялі асобную кватэру. Галоўным здабытчыкам стаў старэйшы брат, які, паводле ўспамінаў пляменніцы, тады «не грэбаваў ніякай малявальнай работай».

Леў Бакст. Партрэт жонкі мастака Любові Паўлаўны Грыцэнка-Бакст (дачкі заснавальніка галерэі Паўла Траццякова), 1902—1903 гады. Фота: Дзяржаўная Траццякоўская галерэя

Для самой Траццякоўскай галерэі постаць Бакста мае прамое сямейнае значэнне. У 1903 годзе ў Варшаве мастак прыняў лютэранства, каб ажаніцца з Любоўю Грыцэнка — дачкой заснавальніка галерэі Паўла Траццякова і ўдавой мастака Мікалая Грыцэнкі.

Шлюб аказаўся нядоўгім: у 1907 годзе пара рассталася пасля нараджэння сына Андрэя, а ў 1910‑м афіцыйна развялася праз хадайніцтва на імператарскае імя пасля адмовы Сінода.

Тым не менш Бакст да канца жыцця фінансава падтрымліваў былую жонку, сына і падчарыцу Марыну, а ў канцы 1922 года змог выцягнуць іх з Савецкай Расіі ў Еўропу.

Менавіта сын Андрэй у 1965 годзе перадаў з Парыжа ў аддзел рукапісаў Траццякоўкі гіганцкі архіў бацькі — 2620 адзінак захоўвання, якія сталі дакументальнай асновай цяперашняй выставы.

Леў Бакст. Партрэт прыёмнай дачкі Марыны Мікалаеўны Грыцэнка ў дзяцінстве, 1905 год. Фота: Дзяржаўная Траццякоўская галерэя

У першай зале экспазіцыі, прысвечанай пецярбургскаму перыяду і аб’яднанню «Свет мастацтва» — дзе з Бакстам сярод іншых супрацоўнічалі выхадцы з Беларусі і Літвы Фердынанд Рушчыц, Станіслаў Жукоўскі і Мікалоюс Канстанцінас Чурлёніс, — выстаўлены партрэты Аляксандра Бенуа, Канстанціна Сомава і Сяргея Дзягілева.

Дарэчы, Рушчыц яшчэ 12 студзеня 1897 года ў сваім дзённіку вылучаў гродзенца на агульным фоне сталічнай школы:

«На выставе акварэлістаў. Сумна. Заўсёды тое самае. Выбітных мастакоў няма. Тыя самыя матывы, і нават ва ўсіх тыя самыя прапорцыі. Выключэннем ёсць толькі Бакст».

Побач экспануецца малавядомы парадны партрэт Мікалая II у поўны рост у мундзіры лейб-гвардыі са збору Гістарычнага музея. У 1895 годзе Бакст, які тады выкладаў маляванне дзецям вялікага князя Уладзіміра Аляксандравіча, напісаў гэты партрэт у Парыжы паводле фатаграфіі, бо імператар яму асабіста не пазіраваў.

Леў Бакст. Партрэт сябра і сузаснавальніка «Свету мастацтва» Аляксандра Бенуа, 1898 год. Фота: Дзяржаўны Рускі музей

Асобны раздзел прысвечаны падарожжу Бакста і Валянціна Сярова ў Грэцыю і на Крыт у 1907 годзе. Тут «антычныя» эскізы мастака паказаны ў дыялогу з варыянтамі «Выкрадання Еўропы» Сярова і манументальным палатном самога Бакста «Старажытны жах» (Terror Antiquus) 1908 года з калекцыі Рускага музея, дзе на фоне гібелі цывілізацыі ўзвышаецца архаічная статуя Афрадыты.

Знакамітае палатно Бакста «Старажытны жах» (Terror Antiquus), напісанае ў 1908 годзе пасля падарожжа з Валянцінам Сяровым у Грэцыю і на Крыт. Фота: Дзяржаўны Рускі музей

Парыжскі трыумф

Пасля таго як у 1909 годзе Бакст дэманстратыўна вярнуўся з хрысціянства ў іўдаізм, расійскія ўлады пазбавілі яго права жыхарства ў Санкт-Пецярбургу — афіцыйнае прадпісанне пакінуць сталіцу ён атрымаў падчас візіту ў 1912 годзе, і сітуацыю не змяніла нават абранне акадэмікам жывапісу ў 1914-м. Мастак канчаткова перабраўся ў Парыж, дзе стаў галоўным сцэнографам «Рускіх сезонаў» Сяргея Дзягілева.

Леў Бакст. Партрэт імпрэсарыа Сяргея Дзягілева з няняй Аўдоццяй, 1906 год. Фота: Дзяржаўны Рускі музей

Леў Бакст. Эскіз дэкарацыі да балета М. Рымскага-Корсакава «Шэхеразада» (першая дзея), пастаўленага ў парыжскай «Гранд-апера» ў 1910 годзе. Фота: Дзяржаўная Траццякоўская галерэя

Пастаноўкі балетаў «Клеапатра» 1909 года, «Шахеразада» і «Жар-птушка» 1910-га, «Здань ружы» 1911-га, «Паўдзённы адпачынак фаўна» і «Дафніс і Хлоя» 1912 года зрабілі ўраджэнца Гродна сусветнай знакамітасцю. На выставе ў Маскве, акрамя эскізаў і афіш, паказаны арыгінальныя сцэнічныя касцюмы тых гадоў і пуанты прымы дзягілеўскай трупы Тамары Карсавінай, зробленыя паводле малюнка Бакста.

Мастак адмовіўся ад традыцыйных пастэльных тонаў і гарсэтаў, якія сціскалі рухі танцоўшчыкаў, увёўшы на сцэну насычаныя ўсходнія колеры і адкрытае цела.

Леў Бакст. Эскізы касцюмаў Вакханкі і Маладога беатыйца да балета «Нарцыс» (1911) для «Рускіх сезонаў» Сяргея Дзягілева. Фота: Wikimedia Commons / MAGMA

Эскізы балетаў і парыжскія афішы спектакляў 1910‑х гадоў у экспазіцыі Інжынернага корпуса. Фота: Buro 24/7

Тэатральная экзотыка імгненна перакінулася ў высокую моду. Ужо ўлетку 1910 года знакаміты парыжскі куцюр’е Поль Пуарэ прапанаваў Баксту 12 тысяч франкаў за 12 эскізаў сукенак. У 1913 годзе мастак падпісаў трохгадовы кантракт з домам моды Жанны Пакен (Maison Paquin), паводле якога дзве траціны мадэляў дома ствараліся выключна паводле ягоных малюнкаў і пад ягоным асабістым наглядам. Адначасова фірма Каміль Ражэ (Camille Roger) заключыла з ім гадавы дагавор на дызайн капелюшоў, а дом «Хельстэрн і сыны» (Hellstern & Sons) — на выраб абутку ад антычных сандаляў да высокіх паўботаў.

У лісце да жонкі ад 1 сакавіка 1913 года Бакст паведамляў фінансавыя дэталі: ён атрымліваў роўна 10% з кожнай прададзенай сукенкі, капелюша і пары абутку.

Тэатральная афіша да пастаноўкі «Пакутніцтва св. Себасцьяна», Парыж, 1912 год. Фота: прэс-служба Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі

Сярод ягоных прыватных кліентак былі італьянская маркіза Луіза Казаці, для якой у верасні 1913 года ён аформіў баль на плошчы Сан-Марка ў Венецыі з 200 чарнаскурымі слугамі ў чырвоных аксамітных камзолах, і мільянерка Іда Рубінштэйн, якая першай надзела прыдуманы ім сіні парык. У Пецярбургу ў пачатку 1914 года паводле ягоных распрацовак прайшоў знакаміты «баль каляровых парыкоў» у графіні Лізаветы Шувалавай, для якога з Ніцы выпісалі вагон жывых кветак.

Аднак за вонкавым бляскам хаваліся цяжкія асабістыя крызісы. У 1918 годзе Бакст са скандалам разарваў адносіны з Дзягілевым: антрэпрэнёр больш за год трымаў мастака на замове для балета «Чароўная крама», не заплаціўшы за папярэднюю працу, а потым цішком аддаў пастаноўку Андрэ Дэрэну і арганізаваў у прэсе кампанію па крытыцы стылю былога сябра як «састарэлага».

У тым жа 1918 годзе з галоднага Петраграда прыйшла вестка пра смерць ад знясілення роднай сястры Бакста, пісьменніцы Разаліі Манфрэд — маці вядомага ў будучыні савецкага гісторыка Альберта Манфрэда.

Пуанты прыма-балерыны Тамары Карсавінай, распісаныя паводле эскіза Бакста. Фота: Buro 24/7

Сцэнічныя касцюмы для пастановак «Рускіх сезонаў» 1910‑х гадоў у вітрынах выставы. Фота: Buro 24/7

У мастака здарыўся цяжкі нервовы зрыў, ускладнены гіпертаніяй і праблемамі са зрокам. Бездапаможным станам Бакста ў Парыжы скарысталася ягоная прыслуга Лінда і яе муж: яны перахоплівалі па даверанасці заакіянскія ганарары мастака — у прыватнасці, 34 500 франкаў за прададзеныя ў ЗША карціны ў канцы 1919 года, — трымалі яго ў ізаляцыі ў паўцёмнай майстэрні, вымусілі падарыць ім дзве карціны і патрабавалі ўпісаць сябе ў тастамент.

Выратавала Бакста толькі ўмяшанне ягонай амерыканскай сяброўкі і агента Аліс Гарэт: яна пераслала грошы ў Лазану другой сястры мастака, Сафіі Клячко, якая ўвесну 1920 года здолела прарвацца з дзецьмі ў Парыж і выхадзіць брата, якога знайшла зарослым вялікай барадой і ў чорных акулярах.

Зала з павялічанымі копіямі заходніх газетных публікацый і модных аглядаў 1910‑х гадоў пра трыумф Бакста. Фота: Buro 24/7

Індзейскія арнаменты на амерыканскім шоўку 

Апошнія раздзелы выставы ў Траццякоўцы прысвечаны амерыканскаму перыяду жыцця майстра. У ЗША, куды Бакст двойчы прыязджаў на працяглы час у 1922—1924 гадах, ён утрымліваў сваімі заробкамі 14 чалавек радні. Мастак жыў у Балтымары ў маёнтку «Эвергрын», які належаў дыпламату Джону Гарэту і ягонай жонцы Аліс. Там Бакст перарабіў былую гімнастычную залу 1885 года пабудовы ў прыватны мадэрнісцкі тэатр, распісаўшы яго па трафарэтах матывамі з кнігі Чарльза Холма «Сялянскае мастацтва ў Расіі». Гэты тэатр у Балтымары застаецца адзіным захаваным да нашых дзён прыватным тэатральным інтэр’ерам работы Бакста.

Прыватны тэатр у маёнтку «Эвергрын» у Балтымары — адзіны ў свеце захаваны тэатральны інтэр’ер, распісаны Львом Бакстам (1922—1923). Фота: Evergreen Museum & Library / Johns Hopkins University

За акіянам гродзенец знайшоў новую крыніцу даходу: ён чытаў лекцыі пра моду і класіцызм у жывапісе. За адзін выступ у нью-ёркскім гатэлі «Плаза» 30 студзеня 1923 года яму заплацілі 2000 даляраў — больш, чым за карціну алеем,

хаця ў 1924 годзе ў Лос-Анджэлесе мясцовая арганізатарка спадарыня Кальбер уцякла ў Сан-Францыска з усёй касай, пакінуўшы лектара без капейкі ў цёмнай зале.

Акрамя таго, у 1923 годзе Бакст пачаў супрацоўнічаць з «шаўковым каралём» Амерыкі Артурам Селігам, які для новага бізнесу змяніў прозвішча на Зеліг і адкрыў краму праз кампанію Robinson Silk Co.

Узоры набіванага шоўку з аўтарскімі геаметрычнымі і этнічнымі прынтамі Льва Бакста 1920‑х гадоў у экспазіцыі Траццякоўскай галерэі. Фота: Buro 24/7

Узоры набіванага шоўку з аўтарскімі геаметрычнымі і этнічнымі прынтамі Льва Бакста 1920‑х гадоў у экспазіцыі Траццякоўскай галерэі. Фота: Buro 24/7

Натхніўшыся тканінамі старажытных цывілізацый Перу і мастацтвам паўночнаамерыканскіх індзейцаў, мастак распрацаваў серыю прынтаў для масавай фабрычнай вытворчасці набіванага шоўку. Паводле слоў самога Бакста, поспех быў такім, што ў ЗША нават пачалі вырабляць кантрафактную прадукцыю «пад Бакста».

На выставе ў Інжынерным корпусе ўзоры гэтых тканін 1920‑х гадоў дапоўнены сучаснай мультымедыйнай інсталяцыяй. З дапамогай нейрасетак куратары стварылі віртуальны модны паказ: па лічбавым подыуме крочаць згенераваныя штучным інтэлектам мадэлі ў адзенні, адноўленым паводле арыгінальных эскізаў мастака, што дазваляе ўбачыць дынаміку крою і тканіны ў руху.

Сам Леў Бакст памёр 27 снежня 1924 года ва ўзросце 58 гадоў ад ацёку лёгкіх у клініцы пад Парыжам, а апошні запіс у ягоным штодзённіку ад 28 чэрвеня 1924 года гучаў каротка: «Адпраўка ў Амерыку малюнкаў».

Леў Бакст. «Эскіз касцюма Жар-птушкі», 1922 год (папера, аловак, акварэль, гуаш, срэбра, золата). З карпаратыўнай калекцыі ААТ «Белгазпрамбанк». Фота: карпаратыўная калекцыя Белгазпрамбанка

На радзіме мастака, у Беларусі, ягоная спадчына прадстаўлена сямю арыгінальнымі работамі — у тым ліку «Эскізам касцюма Жар-птушкі» і альбомам да балета «Спячая прыгажуня» 1922 года, — якія ў 2013—2014 гадах былі набытыя для карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка, а таксама некалькімі творамі тыражнай графікі ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея.

Эскіз касцюма Жар-птушкі для амерыканскіх гастроляў «Рускага балета Сяргея Дзягілева» 1915 года ў экспазіцыі Траццякоўкі. Фота: прэс-служба Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула