БЕЛ Ł РУС

Украіна падбіла расійскі ракетны карабель у Балтыйскім моры

11.11.2026 / 20:07

Nashaniva.com

Служба бяспекі Украіны паведаміла, што ў ноч на 11 лістапада яна сумесна з іншымі складнікамі Сіл абароны Украіны нанесла ўдары па важных аб’ектах партовай, нафтаперапрацоўчай і транспартнай інфраструктуры Расіі ў порце Усць-Луга Ленінградскай вобласці. 

Малы ракетны карабель «Нара-Фамінск». Фота: portnews.ru

Паводле папярэдняй інфармацыі, беспілотнікі Цэнтра спецыяльных аперацый «Альфа» атакавалі інфраструктурныя аб’екты на тэрмінале «Новатэк — Усць-Луга». Сярод пашкоджаных аб’ектаў — некалькі рэзервуараў, кожны ёмістасцю 30 тысяч тон. Таксама адбыўся разліў нафтапрадуктаў.

На тэрмінале «Усць-Луга Ойл» пашкоджана некалькі рэзервуараў з нафтапрадуктамі, там узнік маштабны пажар. Акрамя таго, узгаранні зафіксаваныя на тэрмінале акцыянернага таварыства «Фактар» і чыгуначнай станцыі Лужская.

Асноўныя пашкоджанні прыпалі на рэзервуарныя паркі, помпавыя станцыі, трубаправоды і інфраструктуру для перавалкі нафты і нафтапрадуктаў. На аб’ектах працягваюцца пажарна-выратавальныя працы.

У межах той жа спецаперацыі СБУ арганізавала ўдар па малым ракетным караблі праекта «Буян-М» «Нара-Фамінск». Гэта судна з’яўляецца носьбітам крылатых ракет «Калібр» і «Анікс». На ваду яго спусцілі ў 2022 годзе.

Акрамя таго, СБУ правяраецца інфармацыя пра знішчэнне расійскіх баявых верталётаў.

У СБУ заявілі, што працягваюць сістэматычна выводзіць са строю нафтавую інфраструктуру Расіі, каб скарачаць паступленні ў бюджэт Крамля, з якога фінансуецца вытворчасць ракет, беспілотнікаў і іншай зброі для вайны супраць Украіны. У ведамстве падкрэслілі, што расійскі тыл не можа адчуваць сябе ў бяспецы і што за атакі на ўкраінскія гарады і цывільную інфраструктуру Расія атрымлівае адказ на сваёй тэрыторыі.

Чытайце таксама:

Атака на Усць-Лугу: расійскія каналы паведамляюць пра гібель трох экіпажаў авіятэхнікі

Украінскія дроны другі раз з пачатку восені атакавалі найбуйнейшы порт Расіі на Балтыйскім моры

УСУ зноў атакавалі найбуйнейшы расійскі НПЗ у Омску

Каментары да артыкула