Атака на Усць-Лугу: расійскія каналы паведамляюць пра гібель трох экіпажаў авіятэхнікі
Спачатку Z-канал Fighterbomber паведаміў пра гібель лётчыкаў падчас адбіцця атакі беспілотнікаў на Санкт-Пецярбург. Меркавалася, што пацярпеў крушэнне расійскі вайсковы верталёт або самалёт. Але страты могуць быць і яшчэ больш сур'ёзнымі.

«Сённяшняя абарона неба над Санкт-Пецярбургам ад атакі дронаў абышлася нам вельмі дорага. Вельмі, вельмі, вельмі дорага. Вечнага палёту, браты…» — напісаў у сваім тэлеграм-канале Fighterbomber Ілля Туманаў, Z-блогер, блізкі да расійскіх Паветрана-касмічных сіл.

Пазней прарасійскі вайсковы тэлеграм-канал «На пределе» апублікаваў фатаграфію верталёта Ка-52 у допісе, дзе згадвалася гібель лётчыкаў.

Урэшце, Z-канал «Воевода вещает» пайшоў яшчэ далей.
«Сённяшняя ноч нанесла ПКС вялізную рану.
Тры дасведчаныя экіпажы, сямёра адважных Ваяроў адправіліся ў Нябесны гарнізон. У нас праца такая — за іншых паміраць», — пафасна напісаў ён.

Міністэрства абароны Расіі пра страты паветраных суднаў пакуль не паведамляла.
Губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка заявіў, што ў выніку пажару ў порце Усць-Луга, які пачаўся пасля атакі беспілотнікаў, пацярпелі тры чалавекі. Паводле яго звестак, над рэгіёнам збілі 150 беспілотнікаў.
Раней паведамлялася пра пажар у раёне порта Усць-Луга — аднаго з найбуйнейшых марскіх гандлёвых партоў Расіі на Балтыйскім моры. Праз яго працягваецца экспарт расійскай нафты.
Каментары
Толькі адно: іх зачакаліся ў пекле! Туды ім і дарога!