БЕЛ Ł РУС

Сталі вядомыя падрабязнасці вясновай трагедыі ў Полацкім манастыры, калі жанчына загінула пры пажары. Усяму віной п'янства

11.11.2026 / 23:59

Nashaniva.com

Следчы камітэт раскрыў падрабязнасці трагедыі, якая адбылася 28 красавіка каля Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку. Тады адна з жанчын, якія прыслужвалі пры манастыры, падпаліла дом, у якім знаходзілася іншая жанчына родам з Віцебска. Ахвяра загінула.

Фота: Следчы камітэт

Паводле інфармацыі следства, 70‑гадовая жанчына ў стане алкагольнага ап’янення абліла гаручай вадкасцю пакой, калідор і ганак дома, які належаў Беларускай праваслаўнай царкве. Пасля гэтага яна падпаліла іх і пайшла. У выніку пажару загінула 64‑гадовая жыхарка гэтага дома.

Прычынай забойства стала крыўда. У пачатку красавіка загінулая выклікала суседцы хуткую дапамогу праз ужыванне алкаголю. Пасля гэтага пенсіянерку шпіталізавалі. Жанчына раззлавалася і вырашыла адпомсціць.

Экспертыза паказала, што абвінавачаная магла ўсведамляць свае дзеянні і кіраваць імі. Разам з тым у яе выявілі алкагольную залежнасць.

Шкода ад пажару перавысіла 54,8 тысячы рублёў. Жанчыне выставілі абвінавачанні ў забойстве з асаблівай жорсткасцю, учыненым грамадска небяспечным спосабам, а таксама ў наўмысным знішчэнні маёмасці. Цяпер яна знаходзіцца пад вартай.

Чытайце таксама:

Што кажуць у Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры пра сваю загінулую работніцу

Сталі вядомыя падрабязнасці пра трагедыю ў Полацкім манастыры

У Полацкім манастыры трагедыя — спалілі жанчыну

Каментары да артыкула