У Баранавічах пачнуць шыць турэцкія джынсы
У Баранавічах могуць наладзіць вытворчасць джынсавага адзення супольна з турэцкімі кампаніямі. Пра гэта стала вядома пасля перамоў турэцкага бізнэсу з дзяржаўным канцэрнам «Беллегпрам».
Фота: magnific.com
Для рэалізацыі праекта выбралі Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне, вядомае пад брэндам «Блакіт». Першапачаткова разглядаліся дзве магчымыя пляцоўкі — баранавіцкае прадпрыемства і магілёўскі «Магатэкс», але пасля ацэнкі ўмоў спыніліся на першым варыянце.
Беларускі бок на сустрэчы прадстаўляла старшыня «Беллегпрама» Надзея Лазарэвіч. З турэцкага боку ў перамовах удзельнічалі прадстаўнікі кампаній ETS Elektromekanik Taahhüt İnşaat Ltd. Şti і Olive Textile Ltd.
Першая кампанія спецыялізуецца на інжынерных паслугах, праектаванні і пастаўках прамысловага абсталявання. Другая вырабляе адзенне пад прыватнымі брэндамі і паводле заказаў кліентаў: займаецца ўсім працэсам — ад распрацоўкі дызайну і лекал да вытворчасці, кантролю якасці і лагістыкі.
Бакі абмеркавалі ўмовы супрацоўніцтва, графік рэалізацыі праекта і найбліжэйшыя крокі.
У «Беллегпраме» разглядаюць будучую вытворчасць як магчымасць задзейнічаць свабодныя магутнасці прадпрыемства і прыцягнуць замежныя інвестыцыі. Чакаецца, што супрацоўніцтва дазволіць пашырыць асартымент прадукцыі і стварыць новыя працоўныя месцы.
Чытайце таксама:
«Алеся» сыходзіць у гісторыю. Ліквідуюць адно з найстарэйшых трыкатажных прадпрыемстваў Беларусі
Mark Formelle выпусціў калекцыю адзення з прынтамі каналізацыйных люкаў
Ці захочуць дзеці гэта насіць? Разабралі новыя калекцыі школьнай формы