БЕЛ Ł РУС

У нью-ёркскім Брукліне абрынуўся жылы дом. Як мінімум 8 ахвяр

12.11.2026 / 17:35

Nashaniva.com

У нью-ёркскім раёне Бруклін абрынуўся трохпавярховы жылы дом. Паводле звестак ратавальнікаў, загінулі восем чалавек, яшчэ 19 атрымалі траўмы, піша Бі-бі-сі.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo/Yuki Iwamura

Катастрофа адбылася ўвечары 11 лістапада ў раёне Маленькі Гаіці. Сотні ратавальнікаў усю ноч разбіралі завалы і шукалі людзей пад руінамі.

Раніцай у чацвер пажарная служба Нью-Ёрка паведаміла, што восем чалавек знайшлі мёртвымі. Чацвёра пацярпелых знаходзяцца ў бальніцах у крытычным стане, яшчэ пяцёра шпіталізаваныя з сур’ёзнымі траўмамі, якія не пагражаюць жыццю. Дзесяць чалавек атрымалі лёгкія пашкоджанні.

Кіраўнік пажарнага дэпартамента Нью-Ёрка Джон Эспазіта паведаміў, што побач з будынкам, які абрынуўся, вядзецца будоўля. Работы там вяліся ў тым ліку і ў момант катастрофы. Паводле CBS News, дом быў пабудаваны ў 1930 годзе.

Перад пачаткам будаўніцтва на суседнім участку спецыялісты правяралі стан будынка. Будаўнікі атрымалі ўсе неабходныя дазволы на земляныя работы і ўзвядзенне падмурка. Паводле інфармацыі CBS News, перад абрушэннем на суседнім участку капалі катлаван, аднак ці стала гэта прычынай катастрофы, пакуль невядома.

Мэр Нью-Ёрка Зохран Мамдані выказаў спачуванні сем’ям загінулых і пацярпелым. Паліцыя ачапіла некалькі кварталаў вакол месца трагедыі, ратавальнікі працягваюць працаваць на завалах.

Акруговы пракурор Брукліна Эрык Гансалес паведаміў, што ўлады сумесна з будаўнічым дэпартаментам і праваахоўнымі органамі высвятляюць, ці маглі да трагедыі прывесці якія-небудзь супрацьпраўныя дзеянні. Прычыны абрушэння пакуль не ўстаноўленыя.

Чытайце таксама:

У Архангельскай вобласці абрынуўся пралёт вельмі важнага чыгуначнага моста. Па ім якраз ішоў грузавы цягнік

У сталіцы Кеніі абрынуўся 18‑павярховы недабуд ВІДЭА

У Пакістане абрынуўся дах школы, загінулі як мінімум 27 вучняў і настаўнік

У Інданезіі новы падвесны мост перакуліўся падчас урачыстага адкрыцця. Людзі ўпалі з вышыні

Каментары да артыкула