БЕЛ Ł РУС

У Мінску адныя замежнікі выкралі і катавалі іншых, патрабуючы за вызваленне індыйскія рупіі

12.11.2026 / 22:34

Nashaniva.com

У Мінску ўступіў у законную сілу прысуд двум замежнікам ва ўзросце 20 і 36 гадоў, якіх абвінавацілі ў выкраданні людзей і вымагальніцтве. Абодва раней не мелі судзімасцяў, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на пракуратуру Мінска.

Здымак ілюстрацыйны

Як паведамілі ў пракуратуры Мінска, мужчыны, дзейнічаючы па папярэдняй змове, выкралі двух замежных грамадзян 1997 і 2001 гадоў нараджэння. Яны прыехалі ў Беларусь транзітам, каб пазней выехаць у краіны Еўрасаюза.

Зламыснікі зачынілі іх у арандаванай кватэры на праспекце Незалежнасці і запатрабавалі за вызваленне 3,6 мільёна індыйскіх рупій — больш за 135 тысяч беларускіх рублёў.

Выкрадальнікі забралі ў пацярпелых усе наяўныя грошы, а затым прымусілі іх праз месенджары тэлефанаваць сваякам па аўдыё– і відэасувязі і прасіць перадаць неабходную суму.

На працягу як мінімум 20 гадзін абвінавачаныя здзекаваліся з мужчын: білі іх рукамі, нагамі і дзяржальнам нажа па галаве і целе, катавалі і прыніжалі. Усё гэта суправаджалася пагрозамі забойствам, калецтвам і сэксуальным гвалтам.

Адзін з пацярпелых здолеў актыўна супраціўляцца нападнікам, дзякуючы чаму абодвум мужчынам удалося выбрацца з кватэры. Вымагальнікаў затрымалі, супраць іх распачалі крымінальную справу і ўзялі пад варту.

Падчас судовага разгляду адзін з абвінавачаных цалкам адмаўляў сваю віну, другі прызнаў яе часткова.

Старэйшы з мужчын мае сярэднюю адукацыю, жанаты і выхоўвае васьмігадовае дзіця. Малодшы скончыў толькі сем класаў, не жанаты. Абодва афіцыйна нідзе не працавалі, не мелі пастаяннай рэгістрацыі і месца жыхарства ў Беларусі.

Суд прызнаў іх вінаватымі ў выкраданні чалавека і вымагальніцтве. Кожнаму прызначылі па дзевяць гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 300 базавых велічынь — 13 500 рублёў.

Чытайце таксама:

На Гродзеншчыну прыедзе шмат працоўных мігрантаў з Таджыкістана

Міліцыя папярэдзіла працоўных мігрантаў, што за шум ноччу і алкаголь на вуліцы могуць выслаць з Беларусі

Мінская кампанія прапануе працу 10‑ці кіроўцам таксі. Абавязковая ўмова — веданне туркменскай мовы

Каментары да артыкула