У рамках «новай архітэктуры бяспекі» Масква прапануе вывесці ядзерную зброю і «Іскандэры» з Беларусі — інфармацыя пра перамовы ў Абу-Дабі
Узамен Расія хоча выключэння Фінляндыі з Захаду, забароны на базы НАТА ў Балтыі, расчлянення Украіны і федэралізацыі Малдовы.
Уладзімір Пуцін і ягоны дарадца Уладзімір Мядзінскі. Архіўнае фота: 27 студзеня 2024 года, Olga Maltseva/Pool Photo via AP
Паводле інфармацыі інфармаванага нямецкага выдання Bild, расійскія прадстаўнікі на перамовах у Абу-Дабі перадалі амерыканскаму, украінскаму і еўрапейскаму бакам сваё бачанне «новай еўрапейскай архітэктуры бяспекі».
Масква прапануе захаваць за сабой акупаваныя тэрыторыі Украіны і атрымаць увесь Данбас, уключаючы яшчэ не акупаваныя Славянск і Краматорск. Акрамя таго, расійскі план прадугледжвае адмову ад размяшчэння ваенных баз НАТА ў Эстоніі, Латвіі і Літве, а таксама выключэнне Фінляндыі з альянсу.
Акрамя таго, Украіна павінна атрымаць пазаблокавы статус і абавязацца не ўступаць у НАТА, аднак яе ўступленне ў Еўрасаюз не выключаецца. Парты Адэсы і Мікалаева прапануецца дэмілітарызаваць, каб Украіна не магла выкарыстоўваць іх у якасці ваенна-марскіх баз. Таксама прадугледжваюцца дамоўленасці аб свабодзе суднаходства ў Чорным і Балтыйскім морах.
Патрабаванні Масквы закранаюць і Малдову. Расія прапануе пераўтварыць яе ў федэратыўную рэспубліку, якая ўключае саму Малдову, а таксама аўтаномны рэгіён Гагаузія, які ўваходзіць у яе склад, і непрызнанае Прыднястроўе. У выпадку ўступлення краіны ў ЕС Прыднястроўе і Гагаузія павінны атрымаць магчымасць правесці рэферэндумы аб незалежнасці.
У абмен расійскі бок прапануе вывесці ядзерную зброю з Беларусі і адмовіцца ад размяшчэння там ракет сярэдняй далёкасці — «Іскандэраў» і «Арэшнікаў». Акрамя таго, Масква гатовая вывесці войскі з Прыднястроўя.
Bild падкрэслівае, што гаворка ідзе толькі пра адну з прапаноў, якія абмяркоўваюцца ў неафіцыйных перамоўных колах. Перамоўная тактыка Расіі такая, што яе прадстаўнікі ствараюць уражанне, што невядома, які з планаў падтрымаў Уладзімір Пуцін.
Калі інфармацыя крыніц Bild праўдзівая, значыць, Масква размяшчала ядзерную зброю ў Беларусі — ці заяўляла пра размяшчэнне, бо няясна, ці ў рэальнасці тая зброя размешчаная — у якасці разменнай манеты для будучых перамоваў. Аляксандр Лукашэнка, нагадаем, сцвярджаў, што размяшчэнне ажыццяўляецца па яго просьбе. Гатоўнасць вывесці ядзерку і «Іскандэры» паказвае, што Масква разглядала б Беларусь як гарантаваны падкантрольны актыў у выпадку калі такі падзел Еўропы быў бы зацверджаны.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна не пагодзіцца на такія патрабаванні Расіі. «Расія хоча не гарантый бяспекі, а магчымасці ўмешвацца ў чужыя справы», — сказаў ён. Краіны Еўрасаюза на саміце ў Дубліне заявілі, што краіны Еўропы самі будуць вызначаць сваю архітэктуру бяспекі.