Зяленскі: Расія хоча не гарантый бяспекі, а магчымасці ўмешвацца ў чужыя справы
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас другога дня візіту ў Данію выступіў у парламенце краіны. У сваёй прамове ён зноў абвінаваціў расійскае кіраўніцтва ў хлусні, калі яно заяўляе, што Расіі, маўляў, патрэбныя гарантыі бяспекі.

Зяленскі адзначыў, што на працягу многіх дзесяцігоддзяў ніхто не нападаў на Расію. Паводле яго слоў, пасля Другой сусветнай вайны не было ніводнага дзесяцігоддзя, калі Масква сама не пачынала б вайну або не ўжывала вайсковую сілу супраць іншай краіны.
Таму, калі расіяне цяпер гавораць пра гарантыі бяспекі для сваёй краіны, наўрад ці яны маюць на ўвазе сапраўдную бяспеку, заявіў украінскі прэзідэнт. Насамрэч, паводле яго, Крэмль проста хоча атрымаць магчымасць бесперашкодна ўмешвацца ў справы іншых дзяржаў, ужываць сілу, калі палічыць патрэбным, і не дапускаць падтрымкі свабоды ўнутры самой Расіі.
Зяленскі таксама заявіў, што Уладзімір Пуцін імкнецца назаўсёды захаваць асабістую ўладу і перадаць наступным пакаленням свае імперыялістычныя і шмат у чым фашысцкія погляды.
Акрамя выступу ў парламенце, Зяленскі сустрэўся са спікерам Фолькетынга — парламента Даніі — і лідарамі ўсіх 12‑ці прадстаўленых у ім партый.
У допісе пра сустрэчу ён нагадаў, што напярэдадні дацкі парламент аднагалосна ўхваліў новы пакет вайсковай дапамогі Украіне на 4,8 мільярда дацкіх крон (каля 643 мільёнаў еўра). Яшчэ 150 мільёнаў крон (прыкладна 20 мільёнаў еўра) выдзелілі на падтрымку ўкраінскай энергетыкі, якая церпіць ад расійскіх удараў.
Каментары