БЕЛ Ł РУС

Падлеткі п'юць лекі ад раку, каб стаць вышэйшымі. Дактары б'юць трывогу

17.11.2026 / 07:00

Ідаля Салавей

Новы трэнд heightmaxxing набірае папулярнасць у інтэрнэце, але спосаб, якім некаторыя хлопцы спрабуюць дадаць сабе некалькі сантыметраў росту, сур'ёзна непакоіць лекараў. З падрабязнасцямі знаёміць Daily Mail.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Наша Ніва

Невысокі рост для многіх хлопцаў-падлеткаў становіцца прычынай комплексаў. У сацсетках, дзе пастаянна абмяркоўваюць знешнасць і прывабнасць, гэтая тэма ператварылася ў асобны трэнд — heightmaxxing (ад англійскіх height — «рост» і maxxing — «максімальнае павелічэнне»). Яго прыхільнікі спрабуюць стаць як мага вышэйшымі, выкарыстоўваючы розныя сродкі, у тым ліку лекі, якія для гэтага зусім не прызначаныя.

Асаблівую папулярнасць сярод некаторых падлеткаў набыў эрдафіцініб (erdafitinib), які яны называюць скарочана erda. Гэта супрацьпухлінны прэпарат, вядомы пад гандлёвай назвай «Балверса». Ён прызначаны для лячэння пэўных формаў раку мачавога пухіра ў дарослых пацыентаў.

Але ў сацсетках распаўсюдзілася інфармацыя, што гэтыя лекі нібыта дапамагаюць павялічыць рост. І некаторыя падлеткі вырашылі праверыць гэта на сабе.

Так, 17‑гадовы Джэймс расказаў выданню Rolling Stone, што пры росце каля 165 см вельмі перажываў праз сваю знешнасць. У пошуках спосабу стаць вышэйшым ён пачаў прымаць эрдафіцініб.

Са слоў хлопца, за два месяцы ён вырас прыкладна на 7,6 см. Але разам з меркаваным вынікам з'явіліся сур'ёзныя пабочныя эфекты: пазногці пажаўцелі, з-пад іх пачаў выдзяляцца гной.

Яшчэ адзін 17‑гадовы падлетак, Зак, купляў прэпарат праз інтэрнэт прыкладна за $300 на месяц. Ён таксама сцвярджае, што стаў вышэйшым, аднак сутыкнуўся з моцнымі болямі ў суставах і крывацёкамі з носа. Урэшце хлопец пачаў адкладваць грошы на магчымую шпіталізацыю, бо баяўся сур'ёзных ускладненняў.

Пры гэтым няма незалежнага пацвярджэння, што рост абодвух хлопцаў павялічыўся менавіта дзякуючы лекам. У падлеткавым узросце чалавек можа працягваць расці натуральным чынам.

Чаму падлеткі паверылі ў дзеянне прэпарату?

Ідэя выкарыстоўваць эрдафіцініб для павелічэння росту ўзнікла не на пустым месцы.

У 2024 годзе навукоўцы апублікавалі даследаванне, у якім апісалі нечаканае паскарэнне росту ў двух дзяцей, што атрымлівалі гэты прэпарат для лячэння пухлін цэнтральнай нервовай сістэмы.

Эрдафіцініб блакуе рэцэптары фактараў росту фібрабластаў (FGFR), якія ўдзельнічаюць у рэгуляванні росту і дзяленні клетак. Менавіта таму ён выкарыстоўваецца ў лячэнні некаторых пухлін.

Адзін з гэтых рэцэптараў, FGFR3, таксама рэгулюе рост костак. У дзяцей і падлеткаў яны падаўжаюцца дзякуючы зонам росту — участкам храстковай тканкі каля канцоў костак. Навукоўцы выказалі здагадку, што блакаванне FGFR3 магло выклікаць незвычайнае паскарэнне росту ў маленькіх пацыентаў.

Аднак даследаванне не даказвае, што эрдафіцініб можа бяспечна павялічваць рост здаровых падлеткаў. Да таго ж пасля палавога выспявання зоны росту костак закрываюцца, і прэпарат ужо не павінен уплываць на іх падаўжэнне.

Чым небяспечныя такія эксперыменты?

Адзін з аўтараў даследавання, дзіцячы эндакрынолаг Венскага медыцынскага ўніверсітэта Адальберт Райман, папярэджвае, што эрдафіцініб уздзейнічае на рэцэптары, якія прысутнічаюць у самых розных тканках арганізма. Таму яго доўгатэрміновыя наступствы, асабліва для дзяцей і падлеткаў, арганізм якіх яшчэ развіваецца, застаюцца невядомымі.

Пры гэтым сур'ёзныя пабочныя эфекты прэпарату добра вядомыя. Ён можа выклікаць пашкоджанні зроку, у тым ліку незваротныя, парушэнні абмену рэчываў, моцныя болі ў касцях і цягліцах, праблемы са скурай і пазногцямі. Магчымыя таксама пашкоджанні іншых органаў.

Вытворца эрдафіцінібу, кампанія Johnson & Johnson, падкрэслівае, што прэпарат не ўхвалены для павелічэння росту, а яго бяспека і эфектыўнасць для гэтай мэты не даказаныя. Не высветленая і бяспека яго выкарыстання ў дзяцей і падлеткаў.

Нягледзячы на тое, што ў ЗША гэтыя лекі адпускаюцца толькі па рэцэпце, некаторыя падлеткі знаходзяць спосаб замаўляць іх у замежных інтэрнэт-прадаўцоў.

Дактары папярэджваюць, што нават калі прэпарат сапраўды здольны паскорыць рост костак, некалькі дадатковых сантыметраў не вартыя рызыкі атрымаць незваротныя пашкоджанні зроку ці іншыя сур'ёзныя ўскладненні.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула