Доўгія, вострыя і ярка дэкараваныя пазногці сыходзяць у мінулае. Сёння свет прыгажосці апанавала хваля мінімалізму, якую ў сацыяльных сетках ужо ахрысцілі «манікюрам рэцэсіі». Выданне El País разбіралася, чаму эпатаж саступае месца здароваму сэнсу і якія формы цяпер лічацца прыкметай добрага густу.

Яшчэ пару гадоў таму подыумы і сацыяльныя сеткі патрабавалі ад нас гіпербачнасці: пазногці XXL, перагружанасць дэталямі і агрэсіўныя формы былі на піку папулярнасці. Аднак цяпер гэты стыль імкліва здае пазіцыі. Фарміруецца новая норма: кароткія, акуратныя пазногці натуральных адценняў і форм.
Статыстыка няўмольна пацвярджае гэты феномен. У свежай справаздачы Culture Report аналітычная кампанія Spate адзначае: папулярнасць «пазногцяў прынцэсы» (princess nails — кароткія пазногці мяккай квадратнай формы з закругленымі кутамі) імкліва расце, набраўшы ўжо 2,1 мільёна пошукавых запытаў. Індэкс іх папулярнасці (які аб’ядноўвае даныя Google у ЗША і прагляды ў TikTok) паказаў рост на 66,6% у параўнанні з мінулым годам.
Паралельна ўзрастае цікавасць да далікатных эстэтык і простых дызайнаў. У тым жа TikTok хэштэгі накшталт #PinkNailDesign («ружовы дызайн пазногцяў») набіраюць па 857 670 праглядаў штотыдзень з ростам у 66%, а эстэтыка balletcore («балетная эстэтыка») налічвае 797 400 запытаў і паказвае прырост на 49,8% за год.

Трэнд пацвярджаюць і модныя паказы: у калекцыях вясна—лета 2026 ад Dior, Chanel, Celine, Maison Margiela і Antonio Marras пазногці амаль нябачныя — кароткія і натуральныя. Сусветна вядомыя майстры манікюру таксама сыходзяцца ў меркаванні, што гэта доўгатэрміновы зрух у бок стрыманага дызайну.
Што стаіць за трэндам
Аналітыкі адзначаюць: гэта частка шырэйшага трэнду на натуральнасць, які ахоплівае і макіяж, і дагляд за знешнасцю, асабліва ў пакалення Z. Але з’яўляецца і іншая інтэрпрэтацыя. У TikTok новы стыль ужо жартам называюць recession nails — «пазногці рэцэсіі», намякаючы на тое, што сціпласць можа быць звязана з эканамічнай няпэўнасцю.
Сацыёлагі тлумачаць гэта не толькі жаданнем ашчадзіць грошы, але і «культурнай сталасцю». Доўгія пазногці былі часткай культуры «гіпербачнасці» — яркай, інстаграмнай эстэтыкі, якая павінна была адразу прыцягваць увагу. Але калі такая візуальная мова стала масавай, яна страціла сваю адметнасць. У адказ вяртаецца іншая логіка: стрыманасць як знак упэўненасці.
Разам з тым эканамісты папярэджваюць: не варта ўспрымаць модныя тэндэнцыі як дакладны паказчык стану эканомікі. Мода цыклічная, і яе змены часцей звязаны з культурнымі рытмамі і сезоннасцю, чым з рэальнай рэцэсіяй, паказчыкамі якой застаюцца ўзровень занятасці ці інвестыцый.
Самі майстры адзначаюць: выбар кароткіх пазногцяў часцей абумоўлены не жаданнем зэканоміць грошы, а патрэбай ашчадзіць час. Сучасны рытм жыцця робіць практычнасць ключавым фактарам. Кароткі манікюр універсальны: ён не прывязвае да пэўнага стылю, лёгка адаптуецца да любой сітуацыі і выглядае дарэчна і ў паўсядзённасці, і ў прафесійным асяроддзі.
Што менавіта цяпер у трэндзе?
Калі вы плануеце візіт у салон, эксперты раяць звярнуць увагу на наступныя моманты:
Форма: на піку — «мяккі квадрат» (soft square) або авальная форма, якая ледзь выступае за падушачку пальца. Гэта дапамагае візуальна падоўжыць палец.
Дэкор: гэтай вясной мінімалізм не азначае адмову ад творчасці, аднак яна набывае больш тонкія формы. Прагназуецца папулярнасць геаметрычных элементаў — тонкіх ліній, кропак і лунараў, а таксама графічных кветкавых матываў у духу сямідзясятых.

Побач з вяртаннем бардовых адценняў у стылі дзевяностых цікавым рашэннем сезона становіцца спалучэнне пудрава-ружовага або малочнага фону з чорнымі дэталямі. Гэта не патрабуе складаных малюнкаў: дастаткова адной чорнай кропкі ці тонкай лініі, каб надаць манікюру графічнасці, захоўваючы лаканічнасць.
Эфекты: асаблівую ўвагу прыцягвае трэнд «адзінарог» — перламутравы пераліў, які змешвае залацістыя, лавандавыя і ружовыя водбліскі. Таксама актуальны стыль blush nail — далікатны ружовы з чырванаватым падтонам, які імітуе здаровы колер натуральнага пазногця.
Здароўе замест глянцу: спецыялісты адзначаюць стомленасць кліентак ад гелевага нарошчвання. Многія вяртаюцца да звычайных лакаў і лячэбных складаў, якія не псуюць пазногцевую пласціну. Галоўны прынцып — пазногаць павінен выглядаць здаровым нават пасля таго, як вы знялі пакрыццё.
Каб кароткі манікюр выглядаў бездакорна, спецыялісты нагадваюць аб увазе да дэталяў. Падрыхтоўка паверхні (ачышчэнне і абястлушчванне), штодзённае выкарыстанне алею для кутыкулы і якаснае фінішнае пакрыццё — вось сакрэт элегантнасці. Каб колер трымаўся даўжэй, эксперты раяць пазбягаць кантакту з агрэсіўнай бытавой хіміяй без пальчатак у першыя 24 гадзіны пасля працэдуры.
Такім чынам, сёння кароткія пазногці — гэта ўніверсальны код, які пасуе да любога гардэроба і заўсёды выглядае дарэчна: ад дзелавой сустрэчы да вечарынкі.
Каментары