БЕЛ Ł РУС

Што знайшлі ў вязніцы Крэўскага замка, дзе ў 1382‑м задушылі Кейстута? Яна была пахаваная пад заваламі пасля штурму Свідрыгайлы амаль 600 гадоў

14.11.2026 / 08:00

Nashaniva.com

Маштабныя раскопкі ў Княскай вежы Крэўскага замка дазволілі археолагам дайсці да ўзроўню сутарэнняў, якія апынуліся пад заваламі 593 гады таму. Спецыялісты выявілі не толькі дакладныя абрысы турмы вялікага князя Кейстута, але і новыя архітэктурныя дэталі і фрагменты роспісаў з выявамі людзей.

Алег Дзярновіч на раскопках цокальнага яруса Княскай вежы. Фота: скрыншот з відэа АНТ

Як мы пісалі раней, у Крэўскім замку ідзе актыўная фаза вывучэння цокальнага яруса галоўнага данжона.

Сёння вышыня гэтай вежы — 17,5 метра, хоць да пачатку Першай сусветнай вайны яна ўзвышалася на 25 метраў. Унутры гэтай вежы амаль 10 гадоў ідзе паступовая расчыстка завалаў. Масіў цэглы і камянёў абрынуўся ўнутр сутарэнняў у 1433 годзе падчас штурму замка войскамі князя Свідрыгайлы. З таго часу ніжні ўзровень заставаўся закансерваваным пад шматметровым пластом будаўнічага смецця. Цяпер, як паказваюць кадры АНТ, гэты пласт смецця нарэшце зняты.

Прадушына для ўвязненага князя

Згодна з летапіснай традыцыяй, менавіта на ніжнім ярусе Княскай вежы летам 1382 года трымалі ў палоне вялікага князя Кейстута, у той час як яго сын Вітаўт знаходзіўся ў верхніх пакоях, адкуль здолеў уцячы. Дагэтуль дакладнае месцазнаходжанне турмы заставалася прадметам тэарэтычных рэканструкцый, але раскопкі праяснілі сітуацыю.

Арачны дзвярны праём, раскапаны на цокальным ярусе Княскай вежы. Фота: скрыншот з відэа АНТ

Сярод іншага даследчыкі адкапалі гатычную арку ў інтэр'еры вежы. Паводле ацэнкі гісторыкаў, гэта з высокай доляй імавернасці і ёсць тыя самыя дзверы, праз якія забойцы, якія дзейнічалі ў інтарэсах Ягайлы, зайшлі ў памяшканне, каб задушыць Кейстута.

Яшчэ адна знаходка — невялікая вентыляцыйная адтуліна-прадушына ў сцяне цокальнага яруса. Як адзначае Алег Дзярновіч, праз яе ў сутарэнні трапляла мінімальная колькасць святла і паступаў кісларод. Гісторык лічыць, што менавіта гэтае святло бачыў увязнены князь і менавіта гэтым паветрам ён дыхаў у апошнія дні жыцця.

Роспісы візантыйскай традыцыі

Фрагмент геаметрычных роспісаў, знойдзеных пры раскопках Княскай вежы ў Крэве. Фота: скрыншот з відэа АНТ

Разам з расчысткай архітэктурных элементаў археолагі працягваюць даставаць з-пад завалаў фрагменты фрэсак XIV стагоддзя. Калі раней паведамлялася толькі пра агульную колькасць артэфактаў (каля дзвюх тысяч у Гродне і столькі ж у Мінску) і іх сувязь з арцеллю майстроў, якія маглі прыехаць з Ульянай Цвярской, то цяпер з'явілася магчымасць разгледзець спецыфіку роспісаў.

Фрагмент тынкоўкі з белымі кропкамі, які ідэнтыфікуецца як частка выявы вопраткі. Фота: скрыншот з відэа АНТ

Дзярновіч паказаў канкрэтныя ўзоры. Акрамя чаканых фрагментаў з геаметрычным арнаментам, даследчыкі знайшлі кавалкі тынкоўкі з белымі кропкамі.

Гэтыя белыя кропкі, як вядома па іншых роспісах, з’яўляюцца нічым іншым як часткай адзення. А выявы адзення ў сваю чаргу пацвярджаюць наяўнасць у замку не толькі дэкаратыўных, але і антрапаморфных сюжэтаў у аздабленні вежы. Раней у вежы знаходзілі фрагменты роспісаў з часткамі цела, напрыклад, з вокам.

Поўную карціну роспісаў плануюць аднавіць з дапамогай штучнага інтэлекту, які павінен прааналізаваць адсканаваныя фрагменты і скласці іх у адзіную кампазіцыю.

Чытайце таксама: У Пампеях аднавілі роспіс скляпенняў, якіх не існуе ўжо два тысячагоддзі

Пашырэнне музейнай прасторы 

Як паведаміла начальніца аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццяна Ражава, археолагі выявілі рэшткі падмуркаў галерэі, якая была пабудаваная ўздоўж усёй замкавай сцяны. Цяпер на гэтых гістарычных падмурках плануюць узнавіць будынак, дзе размесціцца музейнае памяшканне, а таксама залы для лекцый і зменных выстаў. Побач, на месцы колішняй трэцяй вежы замка, будзе закансерваваны археалагічны раскоп.

Выяўленыя падмуркі ў Крэўскім замку. Фота: скрыншот з відэа АНТ

Акрамя падмуркаў галерэі, замкавага моста і рова, на тэрыторыі двара знайшлі падмурак замкавай кухні. Згодна з нормамі Венецыянскай хартыі, захаванасць аўтэнтычнага падмурка дае падставы для далейшага аднаўлення самой пабудовы пад дахам.

Для разумення таго, як можа выглядаць фінальны вынік доўгатэрміновай працы ў Крэве, варта звярнуць увагу на Медніцкі замак у Літве. Гэтая цытадэль, пабудаваная ў тую ж эпоху і падобная паводле архітэктурных рашэнняў, ужо прайшла этап маштабнай рэстаўрацыі і дэманструе прыклад стылізацыі пад даўніну. Крэўскі замак ідзе аналагічным шляхам, дзе кожны зняты пласт грунту ўдакладняе праектную дакументацыю.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула