У Мінску развялося шмат варон. Чаму так і што з гэтым рабіць?
У апошнія гады жыхары Мінска ўсё часцей заўважаюць павелічэнне колькасці крумкачовых птушак, у тым ліку шэрых варон і гракоў. Шум і раскіданыя імі адкіды выклікаюць незадаволенасць гараджан, якія абмяркоўваюць гэтую праблему ў сацыяльных сетках, звярнуў увагу Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Ён патлумачыў, чаму так адбываецца і як з гэтым змагацца.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: pixabay.com
Калі раней вароны пераважна зімавалі ў гарадах, то цяпер яны пастаянна гняздуюцца ў скверах і дварах.
Асноўнымі прычынамі гэтага называюць даступнасць ежы, мяккі гарадскі клімат і адсутнасць натуральных драпежнікаў.
Згодна з Законам «Аб жывёльным свеце» і пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 30 студзеня 2008 года № 126 «Аб абыходжанні з дзікімі жывёламі і рэгуляванні іх распаўсюджвання і колькасці», прадугледжаныя два асноўныя спосабы рэгулявання колькасці птушак.
Першы — без выдалення птушак з асяроддзя пражывання.
Для гэтага могуць выкарыстоўвацца гукавыя і светлавыя адпужвальнікі, а таксама ў акрэсленых выпадках разбурацца гнёзды. Апошняе дазваляецца толькі ў перыяд з 15 жніўня да 15 лютага.
Другі спосаб прадугледжвае адлоў або знішчэнне птушак.
Гэтым могуць займацца выключна спецыялізаваныя арганізацыі з захаваннем устаноўленых правілаў і тэрмінаў, на падставе дазволаў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Каб вызначыць, ці неабходна рэгуляваць колькасць крумкачовых, жыхарам прапануюць звяртацца ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы — адміністрацыі сваіх раёнаў. Спецыяльная камісія абследуе тэрыторыю і вызначыць неабходнасць, спосабы і тэрміны адпаведных мерапрыемстваў.
Самастойна разбураць гнёзды, адлоўліваць або адстрэльваць птушак, выкарыстоўваць ядахімікаты, забіраць яйкі ці птушанят забаронена. Такія дзеянні з'яўляюцца незаконнымі і могуць мець прававыя наступствы, а таксама разглядаюцца як нанясенне шкоды навакольнаму асяроддзю.
Пры гэтым барацьба з наступствамі праблемы не будзе эфектыўнай без ліквідацыі яе асноўнай прычыны — даступнасці харчовых адкідаў. У сувязі з гэтым у Мінску плануюць мадэрнізаваць інфраструктуру жыллёва-камунальнай гаспадаркі і замяніць адкрытыя сметніцы на сучасныя кантэйнеры са шчыльнымі вечкамі. Гэта прадугледжана схемай абыходжання з камунальнымі адкідамі.
Чытайце таксама:
Дзяўчына памяняла горад на вёску і разводзіць курэй, якія нясуць каляровыя яйкі
Птушкі таксама пакутуюць ад джэтлагу і пасля доўгіх пералётаў збіваюцца з курсу
У гандлёвым цэнтры пад Мінскам нацягнулі сетку для адлову птушак. Наведнікі забілі трывогу
Колькі кажаноў гіне ад ветракоў? Маштаб аказаўся значна большым, чым чакалі
Арнітолагі патлумачылі, чаму журавы дагэтуль не адляцелі з Беларусі