21‑гадоваму Сямёну Малашэнкаву, сыну прапагандыста «Спутніка» Васіля Малашэнкава, прысудзілі 4 гады калоніі па палітычнай справе
Хлопца палічылі датычным да суполкі «Да зораў».
Сямён Малашэнкаў
Культурніцкая суполка «Да зораў» спрабавала афіцыйна арганізоўваць у Беларусі культурныя падзеі кшталту імпрэз і канцэртаў і, як сцвярджаецца, мела замежнае фінансаванне. 17 снежня 2025 года ініцыятыву «Да зораў» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».
Тата Сямёна Васіль Малашэнкаў — ураджэнец Кемерава. У Беларусь ён прыехаў у 2004 годзе, а ў наступным годзе ў яго нарадзіўся Сямён.
Малашэнкаў-старэйшы працаваў у розных дзяржаўных СМІ (каля сямі гадоў — у агенцтве БелТА), а таксама супрацоўнічаў (і супрацоўнічае) са Sputnik і МІА «Россия сегодня». Ён прыхільнік рускага свету і «традыцыйных каштоўнасцяў», актыўны абаронца РПЦ.
Сын жа, у адрозненне ад бацькі, зараджаны на беларушчыну, як згадваў ягоны знаёмы, блогер Усяслаў Пашкевіч.
«Беларуская культура была для яго ўсім. Гэта было фенаменальна: такое ўражанне, што ён нарадзіўся са словам «Беларусь» на вуснах. Ён стараўся ніводнай падзеі не прапускаць: выставы, івенты, канцэрты. Зараджаны на беларушчыну максімальна. Не на мінуўшчыну — яго сучасная культура была цікавая ва ўсіх яе праявах, годная музыка. Ён спрабаваў стварыць ютуб-канал. Ён максімальна насалоджваўся тым, што робіць».
З інфармацыі «Нашай Нівы», Сямёна затрымалі 27 лістапада 2025 года. Усе яго старонкі ў сацсетках і на інтэрнэт-платформах зніклі, усё, што ён ствараў, недаступнае.
Чытайце таксама:
Палітзняволенаму мастаку Алегу Ларычаву прысудзілі 7 гадоў калоніі
Сына аўтара «Спутніка» прызналі ўдзельнікам экстрэмісцкага фармавання