«Сняданак па 74 капейкі, абед па 43 капейкі». Беларуска расказала, як харчуецца на $50 у месяц
Беларуска Ірына можа прыгатаваць стравы за капейкі — і гэта не перабольшанне. Жанчына харчуецца на 150 рублёў у месяц і паказвае, што менавіта яна есць, піша Myfin.by.
Фота: скрыншоты @irina_60_k у тыктоку
Пра свой чэлендж жанчына здымае відэа, якія выкладвае ў свой акаўнт @Irina_60_k у тыктоку. За эксперыментам назіраюць амаль 5 000 падпісчыкаў.
Ірына адзначае, што стараецца прытрымлівацца прынцыпаў правільнага харчавання. Яна адкрыта кажа, што некаторыя прадукты ў яе такія, за якія не плаціла: чымсьці пачаставалі дзеці або суседка, нешта яна вырасціла сама. Тым не менш, яе харчаванне абыходзіцца экстрэмальна танна.
Як выглядае сняданак, які каштуе менш за 1 рубель
Ірына есць рыбу (салаку, шчупака), курыцу, сыр, масла, яйкі. Са свежай гародніны, садавіны і ягад — таматы, грушы, клубніцы. На гарнір бульба, макароны, грэчка і многае іншае.
На фота ніжэй — сняданак за 91 капейку (справа) і за 74 капейкі (злева).
Сняданак за 91 капейку: тоўчаная бульба без малака і масла (Ірына — на дэфіцыце калорый), 2 смажаныя на алеі яйкі, свежыя таматы, кава без цукру і цукеркі. Цукеркамі жанчыну пачаставалі дзеці, бульбу і таматы яна вырасціла сама. Астатняе купіла: каву — у краме «Светлафор», яйкі — у краме «Капеечка».
Сняданак за 74 капейкі: каша прасяная на малацэ, масла, свежыя маліны, кава з цукразамяняльнікам, хатняе яйка. Яйкам пачаставала сяброўка, маліны Ірына вырасціла сама, астатняе купіла ў крамах.
Абеды таннейшыя за 50 капеек
На фота ніжэй — абеды за 42 капейкі і за 45 капеек.
Абед за 42 капейкі: рыбны суп, гарачыя бутэрброды, пятрушка, грэцкія арэхі. Усю гародніну, зеляніну і арэхі Ірына вырасціла сама. Суп зварыла са шчупаковых галоў, якімі пачаставаў зяць.
Абед за 45 капеек: халаднік з цыбуляй, агуркамі і смятанай, вінаград. Усю гародніну Ірына вырасціла сама, заплаціла толькі за смятану.
«Калі згаладаюся, з'ем два адварныя яйкі». Вячэры Ірыны
Вячэры за 99 капеек і за 1 рубель.
Вячэра за 99 капеек: свежыя дачныя маліны і марозіва з крамы «Грошык». Беларуска ўдакладніла, што ў яе ў запасе былі два курыныя яйкі — на выпадак, калі згаладаецца.
Вячэра за 1 рубель: дранікі, смятана, клубніцы.
Ягады і бульба свае, усё астатняе купіла ў крамах.
«У кастрычніку ўдалося ашчадзіць»
Ірына падлічыла, што ў кастрычніку ў яе на харчаванне пайшло 140 рублёў: «Дзесяць рублёў нават ашчадзіла». Пры гэтым харчаванне ў беларускі дакладна не нішчымнае.
У каментарыях нехта піша, што не верыць Ірыне, — лічаць, што яна траціць значна больш і падманвае аўдыторыю.
Нехта напісаў, што гэта несумленна — расказваць пра эксперымент «Харчуюся на $50 у месяц» і пры гэтым выкарыстоўваць сваю гародніну з дачы і падораныя прадукты. Маўляў, калі б жанчына ўлічыла цэны на «бясплатныя» для яе прадукты, ёй бы не ўдалося пражыць на 150 рублёў у месяц.
Чытайце таксама:
Вам у дзяцінстве паставілі алергію на арахіс? Магчыма, яе ўжо няма
Пад Мінскам працуе аптовая крама, дзе крупы каштуюць 1—3 рублі, а алей — ад 3,5
Мастак арганізаваў у Мінску бясплатную сталовую, якая існуе ўжо амаль 30 гадоў
«Няхай за захоўванне прадуктаў плацяць крамы». Беларусы расказалі, на чым і як ашчаджаюць