БЕЛ Ł РУС

У Браславе басейн, адкрыты да 7 лістапада, спыніў працу ўжо праз некалькі дзён

13.11.2026 / 22:35

Nashaniva.com

Новы фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Драйв» у Браславе, які ўрачыста адкрылі напярэдадні 7 лістапада, спыніў працу басейна ўжо праз некалькі дзён, заўважыла выданне BG.Media.

11 лістапада адміністрацыя паведаміла пра часовае закрыццё басейна ў сувязі з «планавымі кантрольнымі мерапрыемствамі па наладцы сістэмы вентыляцыі». Дату аднаўлення працы пакуль не назвалі.

Комплекс пачаў прымаць наведнікаў 8 лістапада. На яго будаўніцтва выдаткавалі каля 10 мільёнаў рублёў. Траціна гэтай сумы паступіла з раённага бюджэту, астатнія сродкі — з абласнога.

У «Драйве» абсталявалі 25‑метровы басейн з трыма дарожкамі, асобную зону для маленькіх дзяцей, трэнажорную і фітнэс-залы, саўну і хамам. Комплекс разлічаны на адначасовае наведванне 70 чалавек.

Паводле папярэдніх разлікаў, штодня фізкультурна-аздараўленчы комплекс павінны былі наведваць больш за 600 жыхароў і гасцей Браслаўскага раёна. У басейне планавалі праводзіць да 12 сеансаў у дзень.

На ўрачыстым адкрыцці старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка назваў комплекс прыкладам клопату пра жыхароў невялікіх гарадоў і выказаў упэўненасць, што ён стане месцам прыцягнення людзей розных узростаў.

Падобная сітуацыя нядаўна адбылася і ў Пінску. Напярэдадні 3 ліпеня там урачыста адкрылі басейн сярэдняй школы № 14 пасля капітальнага рамонту. У паведамленнях пра адкрыццё расказвалі пра абноўленыя інжынерныя сеткі, вентыляцыю, распранальні і рамонт чашы басейна. Аднак пазней высветлілася, што летам наведваць яго нельга: журналісты мясцовага тэлебачання адказалі жыхарам, што басейн пачне працаваць толькі ў кастрычніку.

Чытайце таксама:

Пад Мінскам прадаюць рэзідэнцыю з пляжам з марскім пяском і басейнам, які зімой ператвараюць у каток. Колькі просяць?

У Мінску прадаюць дом з уласным басейнам, пра які можна марыць. Але цана кусаецца

Кіндар-сюрпрыз для дарослых: на «Куфры» прадаюць палеты са згубленымі пасылкамі. Просяць 2000 рублёў

Каментары да артыкула