БЕЛ Ł РУС

«Я кончаны беларус». Уладзімір Някляеў прэзентаваў новую паэму і расказаў, што яго хвалюе

14.11.2026 / 16:03

Амалія Вітажэнец

На фестывалі «Прадмова» ў Варшаве пісьменнік і палітык Уладзімір Някляеў прэзентаваў паэму «Літвіны», але гаварыў не толькі пра яе. Ён разважаў пра гісторыю Вялікага Княства Літоўскага і як выйшла, што ў канцы 1980‑х беларусы не скарысталіся сваімі магчымасцямі.

Уладзімір Някляеў на прэзентацыі сваёй паэмы «Літвіны». Фота: Наша Ніва

Перад выступам у невялічкім калідоры сабраўся натоўп. Уздоўж сцен стаялі лаўкі з кнігамі, беларускімі прысмакамі і іншай прыемнай беларускаму сэрцу драбязой.

Перад самым пачаткам прэзентацыі Някляева Васіль Шэры і Кацярына Ваданосава разыгралі сцэну з новай паэмы — пра тое, як Ядвіга страціла дзіця — паралель для тых, хто страціў Радзіму. Саму сустрэчу мадэраваў Андрэй Хадановіч.

Кацярына Ваданосава і Васіль Шэры ў вобразах Ядвігі і Ягайлы. Фота: «Наша Ніва»

«Я вырас пад сценамі Крэўскага замка»

«Я нарадзіўся і вырас пад уплывам бацькі расійскага, я ніколі ў той Расіі не быў, ніколі не бачыў, як яны там жылі, што яны там рабілі. Я вырас пад сценамі Крэўскага замка, у беларускай мове, у беларускім асяродку, у беларускай культуры. І я кончаны беларус, нацыяналіст беларускі, я гэтага не хаваю», — сказаў Някляеў.

Пра «Літвіноў» ён гаварыў як пра асабістую кнігу — даніну продкам і мясцінам, з якімі звязана ягонае жыццё.

«Гэта мая даніна майму Крэву, маім продкам, усяму таму, з чаго зляпілі мяне. Крэва — самая дарагая сцэна свету для мяне. Бо там адбываліся ўсе мае найважнейшыя падзеі», — расказаў пісьменнік.

Ён прызнаўся, што хацеў бы пабачыць, як гэтую ягоную паэму паставяць ля муроў Крэўскага замка.

«Наша спроба зачапіцца за Еўропу»

На думку пісьменніка, беларусаў доўгі час аддалялі ад іх гісторыі, а цяпер спрэчкі вакол Вялікага Княства Літоўскага ўзнікаюць і з боку заходніх суседзяў.

«Нас увесь час адсякалі ад нашай гісторыі суседзі з усходу. І вось цяпер з захаду гэты працэс пайшоў. Напрыдумалі беларускі літвінізм, які небяспечны для дзяржаўнасці нашай заходняй суседкі, найбліжэйшай», — заявіў ён.

Някляеў нагадаў, што пісаў пра гэта асобны артыкул. У ім ён сфармуляваў сваё разуменне беларускага літвінізму:

«Тое, што вы называеце беларускім літвінізмам, ёсць еўрапеізм беларускі. Гэта наша спроба зачапіцца за Еўропу, як за паратунак. Бо іначай нас можа не стаць».

Ён не заклікае адмаўляць удзел іншых народаў у супольнай гісторыі, але лічыць, што беларусы не павінны адмаўляцца ад сваёй часткі спадчыны.

Андрэй Хадановіч і Уладзімір Някляеў падчас прэзентацыі кнігі «Літвіны». Фота: Наша Ніва

«Калі гэта было так, то дзе Вялікае Княства Літоўскае?»

Гаворачы пра гістарычную спадчыну, Някляеў звярнуўся да Крэўскай уніі 1385 года і шлюбу Ягайлы з Ядвігай.

Ён узгадаў распаўсюджанае тлумачэнне, паводле якога шлюб быў палітычным рашэннем, неабходным для абароны Вялікага Княства Літоўскага ад крыжакоў і Масквы. Але ў Някляева ўзнікае пытанне: калі ўсё было менавіта так, чаму ў вірах гісторыі само княства губляецца?

«Ягоны [Ягайлавы] шлюб з Ядвігай падаецца як палітычнае рашэнне: маўляў, крыжакі, маскалі, і трэба ратаваць краіну, Вялікае Княства Літоўскае, каб яно засталося. Окей, добра. У такім разе, калі гэта было так, то тады дзе Вялікае Княства Літоўскае? А вось дзе мы?» — задаў пытанне пісьменнік.

Кніга «Літвіны» Уладзіміра Някляева. Фота: Наша Ніва

«Як мы ўсё гэта прайгралі?»

Ад кніжнай гісторыі Някляеў перайшоў да гісторыі, што адбываецца на нашых вачах. Ён прызнаўся, што даўно спрабуе знайсці адказ на пытанне, чаму Беларусь не скарысталася магчымасцямі, якія былі ў яе напрыканцы 1980-х.

«Я не магу знайсці адказу на пытанне, як у нас была воля, на нашым боку было больш сілы, больш інтэлекту, і ўсяго было больш. І як мы ўсё гэта прайгралі? Як, па якіх прычынах? Што тут і як адбывалася?» — разважаў Някляеў.

Ён не пагаджаецца з тым, каб усю адказнасць за тое, што адбылося, ускладаць толькі на ўладу.

«Звальваць толькі на рэжым, на Лукашэнку — гэта несур'ёзна», — заявіў пісьменнік.

Някляеў прыгадаў, што частка палітыкаў тады лічыла: Беларусі не трэба нікуды далучацца, бо яе геаграфічнае становішча і так выгаднае, а праз краіну будуць ісці гандлёвыя шляхі.

«Тэза была такая: у нас вельмі выгаднае геапалітычнае і геаграфічнае становішча, праз нас будуць гандлёвыя шляхі, і мы самі з вусамі, нікуды нам не трэба», — пераказаў ён тую пазіцыю.

Сам Някляеў сумняваўся, што Беларусь зможа ўтрымацца паміж моцнымі суседзямі толькі дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу.

«Што такое Беларусь у гэтым свеце? Нейкая пясчынка. Калі пясчынка знаходзіцца паміж полюсамі магніта, а Беларусь такой і з'яўляецца, як яна можа пасярэдзіне ўтрымацца?» — казаў ён.

Пісьменнік адзначыў, што і цяпер спрабуе разабрацца ў прычынах той паразы. Ён хоча знайсці адказ хаця б для сябе і перакласці яго на паперу. Калі «Літвіны» — даніна Крэву, малой Радзіме, то кнігу з аналізам падзей нашай найноўшае гісторыі, якую аўтар плануе стварыць цягам найбліжэйшых гадоў, ён плануе прысвяціць цалкам усёй Беларусі.

«Не можам аддаць камусьці памяць пра бацькоў»

Напрыканцы сустрэчы Някляеў прачытаў урывак з «Літвіноў». У ім князь размяркоўвае гарады і землі паміж сынамі, вызначаючы, што каму застанецца ў спадчыну. Адзін з фінальных радкоў гэтага фрагмента вяртаў да галоўнай тэмы вечара — памяці, ад якой нельга адмовіцца:

«Не можам мы ні ў радасці, ні ў скрусе, ні сёння, ні праз век, ні праз вякі вякоў аддаць камусьці памяць пра бацькоў».

Напрыканцы вечара Андрэй Хадановіч і Уладзімір Някляеў акапэльна заспявалі ліцвінскую вайсковую песню. А пасля засталася яшчэ адна цёплая частка сустрэчы — Някляеў пакідаў аўтографы ўсім, хто хацеў забраць з сабой не толькі паэму, але і маленькі ўспамін пра гэты вечар, што адбыўся на чужыне са сваімі людзьмі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула