Развод Джэнсэна Хуанга можа стаць адным з самых дарагіх у свеце — больш за 70 мільярдаў даляраў
Пара жыве ў Каліфорніі, дзе дзейнічае правіла: калі няма іншых дамоўленасцяў, сумесная маёмасць пары, як правіла, дзеліцца пароўну.
Джэнсэн і Лоры Хуанг з былым кіраўніком Apple і магчымым будучым кіраўніком Nvidia Цімам Кукам, фота Kevin Dietsch/Getty Images
У скандале вакол сузаснавальніка Nvidia адзін рэкорд змяняецца іншым, і да іх можа дадацца яшчэ адзін — самы дарагі развод у свеце, піша Bild.
Былому генеральнаму дырэктару Джэнсэну Хуангу прыпісваюць некалькі раманаў, у тым ліку з меркаванай кітайскай шпіёнкай Эліс Хуанг. Пакуль невядома, ці падасць яго жонка Лоры Хуанг на развод, аднак зразумела, што патэнцыйна яна можа атрымаць цэлы стан.
Пара жаната ўжо 41 год. Яны пазнаёміліся падчас вучобы на факультэце электратэхнікі ў Універсітэце штата Арэгон. Іх дарослыя дзеці працуюць у Nvidia.
Пара жыве ў Каліфорніі, дзе дзейнічае правіла: калі няма іншых дамоўленасцяў, сумесная маёмасць пары, як правіла, дзеліцца пароўну.
У выпадку разводу сумы былі б астранамічнымі: паводле звестак Forbes, нягледзячы на падзенне акцый на гэтым тыдні, багацце Хуанга па-ранейшаму складае 143 мільярды даляраў.
Тэарэтычна Лоры магла б атрымаць больш за 70 мільярдаў даляраў. Гэта быў бы адзін з самых дарагіх падзелаў маёмасці ў гісторыі.
Аднак пакуль невядома, ці існуе паміж сужэнцамі шлюбны кантракт або іншыя фінансавыя дамоўленасці.
Цяперашні рэкорд — 76 мільярдаў даляраў
Цяпер рэкордным лічыцца развод сузаснавальніка Microsoft Біла Гейтса: паводле ацэнак, яго былая жонка Мелінда атрымала каля 76 мільярдаў даляраў.
У іншым падобным выпадку заснавальнік Amazon Джэф Безас у 2019 годзе перадаў сваёй былой жонцы Макензі Скот акцыі, кошт якіх на той момант складаў 38,3 мільярда даляраў, або 4% кампаніі.
З тых часоў Скот ахвяравала каля 26,4 мільярда даляраў больш чым 2700 арганізацыям. Асабліва актыўна яна падтрымлівае адукацыйныя ўстановы, жанчын, меншасці, барацьбу з беднасцю і абарону клімату.
Чытайце таксама:
Хто такая Эліс Хуанг — меркаваная кітайская шпіёнка, якая завяла раман з кіраўніком Nvidia
Кіраўнік Nvidia ў цэнтры новага скандалу: акрамя раману са шпіёнкай, у яго быў раман з падначаленай