БЕЛ Ł РУС

Хакеры выкралі сотні тысяч асабістых звестак у авіякампаніі AirBaltic

16.11.2026 / 17:04

Nashaniva.com

У выніку кібератакі адбыўся выцек персанальных даных амаль 618 тысяч пасажыраў латвійскай авіякампаніі AirBaltic. Кампанія паведаміла пра несанкцыянаваны доступ да інфармацыі, якая выкарыстоўвалася для анлайн-рэгістрацыі на рэйсы. 

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Dursun Aydemir/Anadolu via Getty Images

Інцыдэнт адбыўся ў інфармацыйных сістэмах старонняга пастаўшчыка IT-паслуг.

Выцек закрануў пасажыраў, якія зарэгістраваліся праз інтэрнэт на рэйсы з 18 ліпеня да 12 лістапада 2026 года. Паводле папярэдніх звестак, каля 11,8 тысячы з гэтых рэзерваванняў тычацца будучых палётаў.

Зламыснікі атрымалі доступ да імёнаў пасажыраў, нумароў рэзервацыі ды інфармацыі пра рэйсы. Пры гэтым звесткі аб плацяжах і праязных дакументах не пацярпелі.

У мэтах бяспекі airBaltic часова адключыла магчымасць кіраваць браніраваннямі і праходзіць анлайн-рэгістрацыю на рэйсы. У кампаніі падкрэслілі, што яе ўласныя інфармацыйныя сістэмы ўзламаныя не былі: атака закранула інфраструктуру знешняга пастаўшчыка IT-паслуг.

Пакуль няма прыкмет таго, што скрадзеныя звесткі ўжо выкарыстоўваюцца для махлярства, аднак такая рызыка існуе.

Раней airBaltic звярнулася ў амерыканскі суд па абарону ад крэдытораў. Кампанія плануе рэструктурызаваць свае даўгі на фоне пагаршэння сітуацыі ў авіяцыйнай галіне, звязанай з ростам цэн на паліва.

88,37% акцый авіякампаніі належыць Латвіі, яшчэ 10% — нямецкай Lufthansa, 1,62% — фінансісту Ларсу Тусэну. Астатнія акцыі знаходзяцца ў дробных інвестараў.

Чытайце таксама:

Авіякампанія AirBaltic пайшла ў санацыю

Найлепшыя авіякампаніі свету па версіі пасажыраў

Кіраўнік Ryanair прарочыць хуткую смерць Wizz Air і Air Baltic

Каментары да артыкула