На канцэрт Кадышавай у Мінску ў какошніках прыйшлі нават мужчыны
А самая адданая фанатка зрабіла паўметровы какошнік.
Надзея Кадышава сабрала Палац спорту ў Мінску — квіткі каштавалі ад 75 да 255 рублёў. Канкурыраваць ёй прыйшлося з Дзімам Біланам, які ў той жа дзень даваў канцэрт у «Мінск-Арэне».
Але і спявачцы песень у рускім народным стылі з элементамі кітчу гледачоў хапіла. Больш за тое: да канцэрту Кадышавай рыхтаваліся — шмат хто з аўдыторыі не паленаваўся зрабіць (ці набыць) какошнік.
Напрыклад, Марына Леснікова — старшая інспектарка сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і жонка вайсковага ідэолага — разам з сяброўкай Анастасіяй Ахрамовіч (яна таксама замужам за сілавіком) прыйшлі ў сарафанах ды какошніках.
Марына Леснікова і Анастасія Ахрамовіч
Жанчыны распавядаюць у сацсетках, што адчулі сябе амаль што галоўнымі гераінямі канцэрту, бо шмат хто падыходзіў да іх з просьбай сфатаграфавацца.
Асаблівай нагодай для гонару стала тое, што сама Надзея Кадышава пакінула каментар пад рылсам случчанак: «Ай ды дзяўчаты! І спяваюць, і танчаць — вачэй не адвесці!».
Але галоўнай зоркай канцэрту стала Таццяна Кутаманава — спецыялістка па перманентным макіяжы. Яна прыйшла слухаць Кадышаву ў паўметровым какошніку — і гэта не перабольшанне: галаўны ўбор беларускі быў 50 сантыметраў у вышыню і столькі ж у даўжыню.
Не дзіўна, што яна стала гераіняй шматлікіх відэа і фота. Праўда, тыя людзі, якія захапляліся какошнікам Таццяны, прызнаваліся: пабачыўшы яе, яны пачыналі маліцца, каб жанчына не сядзела перад імі.
Канкурэнцыю ёй мог скласці хіба толькі мужчына ў жоўтым какошніку, які з энтузіязмам спяваў: «Видно, в жизни суждено мне выпить грешного вина».
Пазней Андрэй Варнакоў апублікаваў здымак у Threads, як разам з сябрам Мікалаем у какошніках п’е піва.
На камплімент «Вы зрабілі наш вечар яшчэ крышачку весялейшым і прыгажэйшым» Андрэй сціпла адказаў: «Мы стараліся».
Дарэчы, рэакцыя беларусаў на фота і відэа з канцэрта Кадышавай была неадназначная — шмат хто не разумее, як можна было ісці туды, а яшчэ і ў какошніках.
Іншыя не згодныя: «Растлумачце, калі ласка, у чым менавіта крындж? Каб мы, «недалёкія», зразумелі. У маім дзяцінстве дома гучала ўсё: ад Майкла Джэксана і «Скорпіянс» да Кадышавай і Буланавай. Я з маленства ведала «Песняроў» і спявала іх песні. Людзі жылі бядней, але былі дабрэйшымі. А цяпер што з вамі? Вы называеце крынджам тое, што для іншых — настальгія і памяць? Людзі прыйшлі ўспомніць маладосць, калі бацькі былі жывыя, калі падчас сямейных застолляў пешшу пад стол хадзілі пад гэтыя самыя песні. А вы іх брудам аблілі. Гэта лепш? Гэта не крындж?».
Чытайце таксама:
Беларусы незадаволеныя канцэртам «Тату» ў Мінску — бо артысткі спявалі не на рускай мове
«Я быў у ГУБАЗіКу, быў у Мінкульце. Куды яшчэ схадзіць?» Віталя Артыста прызналі дармаедам