Пачаўся прыём заявак на прэмію імя Францішка Аляхновіча
Беларускі ПЭН 15 лістапада, у Дзень зняволенага пісьменніка, абвясціў пачатак прыёму заявак на прэмію імя Францішка Аляхновіча. Яна ўручаецца за мастацкія і дакументальныя творы, напісаныя ў зняволенні, у тым ліку ўзноўленыя аўтарамі пасля канфіскацыі або знішчэння рукапісаў, а таксама за творы пра перажытае аўтарамі зняволенне.
Сёлета змяняецца каляндар правядзення прэміі. Цяпер творы будуць ацэньвацца ў годзе, наступным пасля заканчэння конкурснага перыяду. Пераходны сезон ахопіць работы, напісаныя з 1 кастрычніка 2025 года да 31 снежня 2026 года. Прыём заявак працягнецца з 15 лістапада 2026‑га да 20 студзеня 2027 года, а пераможцу абвесцяць у лістападзе 2027-га.
Змены звязаныя з ростам цікавасці да беларускай турэмнай літаратуры, частка якой стала даступнай пасля вызвалення палітвязняў. Беларускі ПЭН адзначае, што рукапісы, дзённікі і ўспаміны зняволеных нярэдка канфіскуюць або знішчаюць, таму аўтарам даводзіцца аднаўляць свае творы па памяці. Многія працы дагэтуль не апублікаваныя і захоўваюцца ў асабістых архівах.
Паводле маніторынгу арганізацыі, на 31 кастрычніка 2026 года не менш за 19 беларускіх літаратараў і іншых людзей слова заставаліся за кратамі або адбывалі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі.
Новы фармат прадугледжвае больш часу для працы журы і магчымасць складання доўгага і кароткага спісаў намінантаў. Акрамя таго, у 2027 годзе пераможца ўпершыню атрымае грашовую ўзнагароду. Яе памер вызначыць арганізатар.
На прэмію можна вылучаць арыгінальныя творы ў розных жанрах — прозу, паэзію, драматургію і іншыя. Прымаюцца апублікаваныя і неапублікаваныя працы на беларускай і рускай мовах. Абмежаванняў паводле ўзросту, грамадзянства і месца жыхарства аўтараў няма. Удзельнічаць могуць таксама пераможцы і лаўрэаты папярэдніх гадоў.
Прэмія імя Францішка Аляхновіча заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭНам разам з беларускай службай «Радыё Свабода». Яна носіць імя драматурга, пісьменніка і журналіста, які сам прайшоў праз зняволенне і апісаў гэты досвед у кнізе «У капцюрох ГПУ».
Чытайце таксама:
Абвешчаны пераможца прэміі Гедройця. Але сапраўдную назву кнігі ведаюць толькі сябры журы