У Расіі заявілі, што ўдзел Еўропы ў перамовах па Украіне з імі не ўзгадняўся. Хоць Уіткаф і Кушнер сцвярджалі адваротнае
Памочнік Уладзіміра Пуціна Юрый Ушакоў заявіў, што ўдзел прадстаўнікоў Еўрапейскага саюза ў трохбаковых перамовах аб заканчэнні расійска-ўкраінскай вайны з Расіяй не ўзгадняўся. Пра гэта ён сказаў 16 лістапада ў размове з журналістамі, адказваючы на пытанне, ці будуць еўрапейцы ўдзельнічаць у наступным раўндзе перамоў.
Юрый Ушакоў і Уладзімір Пуцін. Фота: Vyacheslav Prokofyev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
«Хтосьці гаворыць пра пашырэнне фармату, але з намі гэта не ўзгаднялася», — заявіў Ушакоў.
Паводле яго, можа адбыцца яшчэ не адзін раўнд трохбаковых перамоў. Пытанне аб далучэнні еўрапейцаў, на думку памочніка кіраўніка Крамля, можа паўстаць пасля таго, як Расія атрымае ад іх выразны сігнал наконт таго, чаго яны хочуць і якія канструктыўныя прапановы могуць зрабіць для паспяховага ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне.
Перад тым аб нібыта дасягнутай з расіянамі дамоўленасці адносна наступнага ўдзелу еўрапейцаў запэўнівалі прадстаўнікі Дональда Трампа Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер.
12 лістапада, адразу пасля сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Маскве, Стыў Уіткаф заявіў журналістам, што да наступнай сустрэчы далучацца еўрапейцы. З ягоных слоў, гэта важна, бо еўрапейскія краіны з’яўляюцца партнёрамі ЗША і павінны ўдзельнічаць у перамовах.
13 лістапада, пасля сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім, Джарэд Кушнер напісаў у сацыяльнай сетцы X, што бакам удалося дасягнуць істотнага прагрэсу ў разуменні ўзаемных інтарэсаў, вызначэнні магчымых рашэнняў і далейшых крокаў. Ён таксама паведаміў, што абодва бакі пагадзіліся пашырыць склад удзельнікаў перамоў на наступным раўндзе, далучыўшы да іх еўрапейскіх партнёраў.
Зыходзячы з гэтай інфармацыі 13 лістапада, на нефармальным саміце ЕС у Дубліне еўрапейскія лідары ўзгаднілі склад сваёй перамоўнай каманды. У яе павінны ўвайсці прадстаўнікі пяці краін — Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі і Польшчы, а таксама Еўракамісіі і Еўрапейскай рады.
Чытайце таксама:
У Крамлі пракаментавалі вынікі сустрэчы з амерыканскімі перамоўнікамі
Масква згадзілася на ўдзел Еўропы ў перамовах па Украіне
Наступны раўнд перамоў па Украіне мае прайсці на наступным тыдні