БЕЛ Ł РУС

Ракетам «Пэтрыёт» нестае спецыяльнай віскозы: нечаканы дэфіцыт на сусветным рынку

18.11.2026 / 18:16

Антось Жупран

ЗША хочуць рэзка нарасціць вытворчасць ракет Patriot, але сутыкнуліся з нечаканай перашкодай — дэфіцытам спецыяльнай віскознай тканіны. Замяніць яе, як піша The Wall Street Journal, пакуль няма чым.

Ракета-перахопнік PAC-3 MSE для зенітнага комплексу Patriot. Фота: Wikimedia Commons

Віскоза звычайна асацыюецца з адзеннем, але яе асаблівую разнавіднасць выкарыстоўваюць і ў ракетных рухавіках. Пасля тэрмічнай апрацоўкі тканіна ператвараецца ў вугляродны матэрыял, здольны вытрымліваць тэмпературы ў тысячы градусаў.

Ім пакрываюць унутраную паверхню сопла, праз якое выходзяць распаленыя газы. Ахоўны пласт паступова абгарае, але не дае рухавіку разбурыцца ад перагрэву.

Для найноўшых ракет-перахопнікаў PAC-3 MSE амерыканскіх комплексаў Patriot пакуль дазволены да выкарыстання толькі адзін такі матэрыял. Яго вырабляе французская кампанія ArianeGroup, а амерыканская Park Aerospace наносіць на тканіну спецыяльную смалу, перш чым яна трапляе да вытворцаў ракетных рухавікоў.

Ланцужок паставак пачынаецца ў Чэхіі, дзе вырабляюць віскознае валакно. У Францыі з яго робяць тэрмаўстойлівую тканіну, якую затым адпраўляюць на апрацоўку ў ЗША.

Аднак ArianeGroup не можа хутка павялічыць выпуск. У кампаніі ёсць і іншыя заказчыкі, у тым ліку французскія вайскоўцы, а наяўных магутнасцяў недастаткова, каб задаволіць увесь попыт.

Як ЗША страцілі ўласную вытворчасць

Раней ЗША самі выраблялі віскозу для ракетных рухавікоў. Але ў канцы XX стагоддзя адпаведныя прадпрыемствы закрыліся. Адны праз фінансавыя цяжкасці, іншыя праз экалагічныя праблемы. У выніку амерыканскай абароннай прамысловасці давялося перайсці на еўрапейскія матэрыялы.

Гэта частка шырэйшай праблемы. Пасля заканчэння халоднай вайны ЗША скарацілі вайсковыя выдаткі, а абаронныя прадпрыемствы масава аб'ядноўваліся або спынялі працу. Колькасць галоўных падрадчыкаў у амерыканскай аэракасмічнай і абароннай прамысловасці скарацілася з 51 да пяці.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, а затым і вайны з Іранам попыт на ракеты для СПА рэзка вырас. Іх недахоп ужо адбіўся на магчымасцях Украіны абараняцца ад расійскіх удараў.

Каб папоўніць запасы, Пентагон плануе да канца 2030 года павялічыць вытворчасць найноўшых ракет Patriot больш як утрая — прыкладна да дзвюх тысяч за год. Аднак для гэтага недастаткова проста пашырыць ракетныя заводы. Павялічыць выпуск павінны і сотні пастаўшчыкоў асобных дэталяў і матэрыялаў. Калі хоць адзін з іх не справіцца, гэта можа затармазіць усю вытворчасць.

Як ЗША спрабуюць пераадолець дэфіцыт

Амерыканская кампанія Park Aerospace ўжо выдаткавала 5 мільёнаў даляраў на пашырэнне вытворчасці спецыяльнай віскозы ў Францыі. Новая лінія павінна запрацаваць у 2028 годзе, але нават яе магутнасцяў будзе недастаткова. Таму французская ArianeGroup плануе пабудаваць яшчэ адзін завод у ЗША — прыкладна да 2030 года.

Паралельна амерыканскія вытворцы шукаюць альтэрнатыўных пастаўшчыкоў. Аднак замяніць матэрыял няпроста: найменшы дэфект у ракетным рухавіку можа прывесці да збою, таму новая тканіна павінна прайсці выпрабаванні, якія могуць заняць гады.

Адным з магчымых пастаўшчыкоў лічыцца нямецкая кампанія Enka. Яе асноўны бізнэс — вытворчасць віскозы для адзення — моцна пацярпеў пасля пандэміі, калі людзі сталі часцей працаваць з дому і менш купляць дзелавыя касцюмы.

Кампанія збіралася закрыць завод, аднак Пентагон і амерыканскія абаронныя падрадчыкі гарантавалі закупкі, якія дазволілі працягнуць яго працу. Праўда, пакуль толькі да 2028 года. Да таго ж матэрыял Enka яшчэ не прайшоў усіх выпрабаванняў для выкарыстання ў найноўшых ракетах Patriot.

Такім чынам, нават калі ЗША знойдуць дадатковыя сродкі і пашыраць ракетныя заводы, хутка ліквідаваць дэфіцыт перахопнікаў не атрымаецца.

Чытайце таксама:

500 ракет Patriot Украіна можа пачаць атрымліваць ад ЗША толькі праз 4 гады

Якую зброю і разведвальныя даныя Украіне могуць даць толькі ЗША?

Больш танныя балістычныя ракеты радыкальна мяняюць правілы вайны

Каментары да артыкула