Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму балістычныя ракеты былі зброяй, якую маглі дазволіць сабе пераважна найбуйнейшыя ваенныя дзяржавы. Цяпер яны становяцца больш таннымі, дакладнымі і даступнымі нават адносна слабым арміям і ўзброеным групоўкам. Гэта змяняе не толькі ход сучасных войнаў, але і ўяўленні пра тое, як ад іх абараняцца, піша The Wall Street Journal.

Доўгі час балістычныя ракеты разглядалі найперш як сродак дастаўкі ядзернай зброі. Яны былі дарагімі і недакладнымі: маглі прамахнуцца на сотні метраў, што не мела вырашальнага значэння пры ядзерным удары, але рабіла іх малаэфектыўнымі супраць асобных будынкаў.
За апошнія дзесяцігоддзі ракеты сталі значна больш дакладнымі і даступнымі. Цяпер нават краіна без сучаснай баявой авіяцыі здольная наносіць удары па ваенных базах і важных аб'ектах інфраструктуры за сотні і тысячы кіламетраў. Гэта ставіць пад сумнеў звыклую заходнюю стратэгію, паводле якой панаванне ў паветры дазваляе адносна бяспечна выкарыстоўваць тылавыя базы і склады.
Ракеты выпускаць прасцей, чым перахопліваць
Новая пагроза ўжо праявілася на Блізкім Усходзе. Іран змог нанесці сур'ёзныя пашкоджанні амерыканскім ваенным аб'ектам у Персідскім заліве. У сталіцы Бахрэйна Манаме пасля ўдараў засталіся знішчаныя радыёлакатары і сродкі сувязі, а некаторыя аб'екты давялося пакінуць. Еменскія хусіты, якіх падтрымлівае Іран, таксама наносяць ракетныя ўдары па саудаўскіх аэрапортах і энергетычнай інфраструктуры, хоць іх праціўнікі маюць непараўнальна большыя рэсурсы.
У адрозненне ад большасці ўдарных беспілотнікаў, балістычныя ракеты спалучаюць высокую хуткасць з магутнай баявой часткай. Гэта дазваляе ім разбураць умацаваныя ангары, вытворчыя цэхі і іншыя добра абароненыя збудаванні. Аднак асаблівую праблему стварае тое, наколькі цяжка і дорага ад такіх удараў абараняцца.
Супрацьракетныя комплексы Patriot і THAAD выкарыстоўваюць дарагія ракеты-перахопнікі, вытворчасць якіх патрабуе часу. Масіраваныя абстрэлы хутка вычэрпваюць іх запасы, а папаўняць іх прамысловасць не паспявае. Гэта адчуваюць і ЗША з саюзнікамі на Блізкім Усходзе, і Украіна, якой патрэбная абарона ад расійскіх удараў па гарадах, энергетычных і прамысловых аб'ектах.
Амерыканская Lockheed Martin ужо мае заказы на перахопнікі для Patriot і THAAD на гады наперад, аж да 2030-х. Еўрапейскія вытворцы таксама нарошчваюць магутнасці, але хутка ліквідаваць дэфіцыт не атрымаецца. Тым часам Расія, Кітай і Паўночная Карэя валодаюць значна большымі ракетнымі арсеналамі, чым Іран ці хусіты, а тэмпы іх вытворчасці перавышаюць магчымасці ЗША і саюзнікаў па выпуску перахопнікаў.
«Нават Злучаныя Штаты з іх прамысловым патэнцыялам не гатовыя абараняцца ад праціўніка, які вырабляе балістычныя ракеты ў прамысловых маштабах», — адзначае эксперт Нарвежскага інстытута абаронных даследаванняў Фабіян Хофман.
Як цяпер будаваць абарону
Паколькі надзейна прыкрыць усе важныя аб'екты супрацьракетнымі сістэмамі немагчыма, ваенныя спецыялісты ўсё часцей прапануюць змяніць сам прынцып арганізацыі абароны.
Адзін з варыянтаў — адмовіцца ад празмернай канцэнтрацыі войскаў, самалётаў і абсталявання на некалькіх буйных базах. Замест гэтага сілы прапануюць размяркоўваць паміж большай колькасцю аб'ектаў, умацоўваць найбольш важныя збудаванні і павышаць мабільнасць падраздзяленняў. Гэта не спыніць ракетныя ўдары, але можа значна зменшыць страты.
ЗША таксама разглядаюць магчымасць больш актыўна выкарыстоўваць тэрыторыі саюзнікаў, якія маюць уласную развітую супрацьракетную абарону. На Блізкім Усходзе гэта ўжо спрыяе пераносу часткі амерыканскіх ваенных аперацый у Ізраіль.
Адначасова ўзрастае значэнне стрымлівання — здольнасці пераканаць праціўніка, што ракетны напад выкліча непрымальны для яго адказ. Некаторыя ваенныя эксперты нават дапускаюць, што гэта можа вярнуць ядзернае стрымліванне ў цэнтр абароннай стратэгіі.
Іншыя падкрэсліваюць неабходнасць захоўваць замежныя базы, але рабіць іх менш уразлівымі. Так былы камандуючы амерыканскімі сухапутнымі войскамі ў Еўропе Бэн Ходжэс нагадвае, што без замежных баз ЗША не змогуць своечасова падтрымліваць саюзнікаў. Войскам патрэбныя склады, рамонтныя магутнасці, лагістыка і цэнтры кіравання паблізу магчымых баявых дзеянняў.
Але цяпер вайскоўцам давядзецца вырашаць, дзе захоўваць такія базы, як іх абараняць і ці апраўдвае іх стратэгічнае значэнне ўсё большую рызыку знішчэння ракетнымі ўдарамі.
Каментары