У Тураве збіраюцца за два мільёны рэканструяваць невялікі мост цераз канал
У Тураве пачынаюць рыхтавацца да гомельскіх абласных «Дажынак», якія пройдуць там у 2027 годзе. Пакуль кантрольныя органы правяраюць магчымыя прыпіскі пры ўпарадкаванні Калінкавічаў да сёлетняга фестывалю, у Тураве ўжо плануюць першыя будаўнічыя работы, піша «Флагшток».
Фота: «Планета Беларусь»
Першую значную суму збіраюцца выдаткаваць на рэканструкцыю невялікага моста праз канал. Ён злучае Замкавую гару на тэрыторыі старажытнага гарадзішча з вёскай Запясочча.
На гэтыя работы з раённага бюджэту плануюць выдзеліць да 2 мільёнаў 120 тысяч рублёў, што складае каля 707 тысяч даляраў. У той жа час капітальны рамонт падобнага моста над Лебядзінай сажалкай у гомельскім парку каштаваў удвая менш.
Фота: «Флагшток»
Пры гэтым праекта рэканструкцыі тураўскага моста пакуль няма, таму дакладна невядома, як менавіта яго збіраюцца змяніць. Згодна з прыкладзеным каштарысам, у канструкцыі новага моста будуць выкарыстаныя як жалезабетонныя элементы, так і драўляныя шчыты.
Цяпер прадпрыемства «Жыткавіцкі камунальнік» выбірае падрадную арганізацыю для будаўніча-мантажных работ. Пачаць іх плануюць ужо ў снежні. У студзені—сакавіку работы прыпыняць, а ў красавіку адновяць.
Завяршыць рэканструкцыю мяркуюць у верасні 2027 года — напярэдадні правядзення «Дажынак».
Чытайце таксама:
На Дажынках у Калінкавічах заўважылі трактар з паролем паўстанцаў 1863 года
У Шклове перад «Дажынкамі» зафарбавалі знакаміты дом з малітвамі
Да Дажынак выпусцілі 100‑кілаграмовы глазураваны сырок ФОТАФАКТ