У Кобрыне кавярню аформілі ў «сучасным беларускім стылі» — намалявалі на сцяне дзяўчыну ў какошніку
Кавярня «Заварылі» побач з беларускімі словамі на сцяне размясціла дзяўчыну ў какошніку. Маўляў, менавіта так выглядае сучасная беларуска, якая прыходзіць па каву зранку.
Тут і далей скрыншоты відэа ў інстаграме
Новая месца — кавярня «Заварылі» — адкрылася ў Кобрыне напрыканцы верасня. Нядаўна туды завітаў праўладны блогер ПалВаныч — нават у яго з'явіліся пытанні наконт дызайну памяшкання.
Як толькі наведвальнік заходзіць у кавярню, ён бачыць на сцяне словы на беларускай мове: «Цішыня. Павага. Кава». А побач з імі намалявана дзяўчына з вялікімі чырвонымі вуснамі, сонечнымі акулярамі ды ў какошніку. На іншых сценах можна пабачыць беларускі арнамент.
ПалВаныч пацікавіўся ва ўласніцы кавярні Маргарыты Клімук пра такія дызайнерскія рашэнні. І вось што яна адказала:
«Мы вельмі хацелі ўнесці ў нашу кавярню нотку такога беларускага стылю. Цяпер гэта модна. Каб моладзь усё ж не забывалася, каб гэта было трошкі стылёва, з ухілам на беларускую, але таксама каб не перабраць. Сучаснае такое месца».
Маргарыта Клімук
Блогер выказаў здагадку, што дзяўчына ў какошніку — гэта выява сучаснай беларускі, якая па раніцах ходзіць на каву. Маргарыта гэта пацвердзіла.
У сацсетках людзі ўжо пытаюцца, якое дачыненне мае какошнік да Беларусі. Кавярня спрабуе розныя аргументы, напрыклад, што напраўду яны імкнуліся прытрымлівацца ўсходнеславянскага стылю.
Тым часам ужо нехта жартуе, што насамрэч кавярня арыентавана на турыстаў з Расіі і паненка на сцяне па-беларуску заклікае іх паводзіць сябе прыстойна.
Чытайце таксама:
На канцэрт Кадышавай у Мінску ў какошніках прыйшлі нават мужчыны