БЕЛ Ł РУС

Для каардынацыі ўдараў па Крымскім мосце ўкраінцы выкарыстоўвалі свае «лятучыя мадэмы»

18.11.2026 / 21:51

Nashaniva.com

Украінскія вайскоўцы выкарысталі ўласную сістэму так званых «лятучых мадэмаў» для каардынацыі ўдараў па Крымскім мосце ў ноч на 17 лістапада. Гаворка ідзе пра сетку беспілотнікаў-рэтранслятараў, якія забяспечваюць сувязь паміж ударнымі дронамі і ракетамі ды іх аператарамі. Пра гэта выданню Financial Times расказалі спецыялісты 7‑га асобнага цэнтра Сіл беспілотных сістэм Украіны, якія ўдзельнічалі ў аперацыі.

Пасля атакі дарадца прэзідэнта Украіны па тэхналагічных пытаннях Сяргей Бяскрэснаў паведаміў, што перад аперацыяй украінскім вайскоўцам па «выпадковым збегу абставін» абмежавалі доступ да Starshield — вайсковай версіі спадарожнікавай сістэмы сувязі Starlink.

Паводле яго слоў, расійскія тэхнічныя спецыялісты цікавяцца, якім чынам украінцам удалося забяспечыць стабільную сувязь у Крыме, дзе Крымскі мост абсталяваны рознымі сродкамі радыёэлектроннай барацьбы. Бяскрэснаў заявіў, што гэта застанецца невялікай таямніцай Украіны.

Сістэма «лятучых мадэмаў» дазваляе падтрымліваць пастаянную відэасувязь з ударнымі беспілотнікамі і ракетамі. Дзякуючы трансляцыі відэа аператары могуць карэктаваць іх палёт і накіроўваць апараты праз раёны з высокай канцэнтрацыяй расійскіх сродкаў супрацьпаветранай абароны і радыёэлектроннай барацьбы.

Дзясяткі дронаў-рэтранслятараў утвараюць сетку сувязі, якая працягвае працаваць нават у выпадку знішчэння або падаўлення часткі апаратаў. Акрамя таго, такая тэхналогія дазваляе павялічваць далёкасць палёту беспілотнікаў і ракет, а таксама дакладней наводзіць іх на цэлі.

Пасля атакі на Крымскі мост шырокае распаўсюджанне атрымалі відэакадры з камеры ракеты «Фламінга», на якіх бачны яе падлёт да цэнтральнай часткі моста.

Паводле інфармацыі выдання, украінскія падраздзяленні свядома адмовіліся ад выкарыстання Starshield падчас аперацыі. Адзін з вайскоўцаў Сіл беспілотных сістэм расказаў, што хуткасць злучэння праз гэтую сістэму больш за тыдзень была абмежаваная 161 км/г. Для правядзення аперацыі ж патрабавалася сувязь, здольная працаваць пры значна большай хуткасці палёту апаратаў.

Паведамляецца, што тэхналогію выкарыстання беспілотнікаў-рэтранслятараў першапачаткова распрацавалі ў расійскім войску. Украінскія вайскоўцы пачалі выкарыстоўваць падобныя сістэмы яшчэ ў 2023 годзе. Пазней большасць такіх расійскіх дронаў абсталявалі мадэмамі, якія Расіі пастаўляе Кітай.

Паводле слоў Бяскрэснава, украінскія сілы навучыліся эфектыўна глушыць гэтыя мадэмы толькі летам 2026 года.

Чытайце таксама:

Зяленскі: Для ўдару па Крымскім мосце мы прымянялі толькі ўласную зброю

З цягніка зблізку знялі на відэа разбураную частку Крымскага моста

«Рамантаваць будзе складаней, чым будаваць з нуля». Ці магчыма хутка аднавіць Крымскі мост?

Ці пагражае Крыму блакада праз паралізаваны Крымскі мост?

Каментары да артыкула