Мінск прыме расійска-грузінскія перамовы
19 лістапада ў Мінску адбудзецца першая сустрэча спецыяльнага прадстаўніка прэм'ер-міністра Грузіі па сувязях з Расіяй Георгія Зурабашвілі і намесніка міністра замежных спраў Расіі Міхаіла Галузіна, паведаміў урад Грузіі.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: vecteezy.com
Як паведамляецца ў заяве грузінскага ўрада, бакі плануюць абмеркаваць пашырэнне гандлю, павелічэнне турыстычнага абмену паміж дзвюма краінамі, а таксама развіццё культурных сувязяў.
Пра прызначэнне Георгія Зурабашвілі, які ў 2024—2025 гадах займаў пасаду намесніка міністра замежных спраў Грузіі, спецыяльным прадстаўніком прэм'ер-міністра Грузіі па сувязях з Расіяй, стала вядома ў канцы кастрычніка. Сярод галоўных задач новага спецпрадстаўніка — мірнае ўрэгуляванне канфлікту з Расіяй, захаванне і развіццё існых гандлёва-эканамічных сувязяў, а таксама пастаянны дыялог па гуманітарных пытаннях.
Пры гэтым дыпламатычныя адносіны паміж Грузіяй і Расіяй пасля 2008 года, калі Расія здзейсніла супраць Грузіі акт агрэсіі, а пасля афіцыйна прызнала незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, адсутнічаюць.
Цяпер грузінскія ўлады, у апошнія гады фактычна адмовіўшыся ад ідэі еўраінтэграцыі, спрабуюць аднавіць адносіны з Расіяй. Але для партыі «Грузінская мара», якая нязменна кіруе Грузіяй з 2012 года, было б ударам па рэпутацыі, каб адпаведныя перамовы адбываліся ў Расіі. Таму і ўзнік варыянт Беларусі як «нейтральнай» пляцоўкі.
Чытайце таксама:
Беларуса, якога затрымалі ў Грузіі з пратэрмінаванымі дакументамі, арыштавалі на тры месяцы