Выйшаў чарговы нумар «Запісаў БІНІМ»
Пабачыў свет новы 45‑ты выпуск альманаху беларусаў эміграцыі «Запісы БІНіМ» (2025—2026). Што ў ім?
Першай ягонай тэмай ёсьць Беларуская фундацыя Крачэўскага (Belarusian Kreceuski Foundation ) — інстытуцыя ў ЗША, заснаваная для збірання беларускіх архіваў у замежжы, напісала ў фэйсбуку доўгагадовая рэдактарка «Запісаў», даследчыца эміграцыі Наталля Гардзіенка.
У гэтым выпуску альманаха змешчаны агляд гісторыі і сучаснасці Фундацыі, зроблены яе архівісткай Валянцінай Трыгубовіч, апісанне ўжо апрацаваных архіўных фондаў, а таксама некаторыя дакументы з іх: эпісталярыі Юркі Віцьбіча (1905—1975) і Антона Адамовіча (1909—1998), падарожныя лісты Васіля Шчэцькі (1922—2011), ліст Васіля Быкава (1924—2003) да Зоры Кіпель (1927—2003), успаміны Кастуся Вераб'я (1931—2024) і іншае.
У асобны раздзел «Запісаў» вылучаныя тэксты, прысвечаныя беларускай прысутнасці ў ЗША.
Найперш гэта нататкі Аляксандра Сімакова пра неапублікаваныя крыніцы па гісторыі беларускай дыяспары ў ціхаакіянскіх штатах ЗША, а таксама артыкулы пра розныя беларускія арганізацыі: Фонд адраджэння Беларусі (Наталля Гардзіенка), Вашынгтонскі аддзел Беларуска-амерыканскага задзіночання (Вячаслаў Бортнік), Асацыяцыю беларусаў у Амерыцы (Вольга Бромэн і Надзея Нортан), суполку беларусаў у Сан-Дыега (Марыя Яфімава). Тут жа публікуецца інтэрв'ю з беларускай этнографкай, стваральніцай фальклорнага гурта VOLYA ў Сіэтле Волей Дземкай.
У традыцыйна разнастайным раздзеле «Публікацыі» змешчаныя тэксты, прысвечаныя розным аспектам, творам і дакументам, звязаным з беларускім замежжам.
Украінская даследчыца Вольга Зубко рэпрэзентуе адзін з БНРаўскіх мемарандумаў, падрыхтаваных на Парыжскую мірную канферэнцыю пасля Першай сусветнай вайны. Лявон Юрэвіч паказвае, як ставіліся да свайго калегі па пісьменніцкім цэху Айзека Кучара (1910—1996) беларускія пісьменнікі-эмігранты. Вера Бейка збірае разам розныя згадкі пра смерць у лагеры паэта Уладзіміра Хадыкі (1904—1940). Віктар Жыбуль распавядае пра невядомую паэму Алеся Пруднікава (1910—1941), «сібірскую» старонку нашай гісторыі. А Віталь Воранаў паказвае маркі з выявамі беларускай дуды, што выйшлі за мяжой у апошнія гады.
Другая вялікая тэма гэтага выпуску «Запісаў» — беларускія газеты, што выходзілі ў Берліне падчас Другой сусветнай вайны.
У раздзеле «Выданні» змешчаныя ўспаміны, вершы, артыкулы з газет «Раніца» і «Беларускі Работнік», інфармацыя з якіх можа быць цікавая і актуальная для сённяшніх даследчыкаў і аматараў гісторыі і літаратуры.
У наступнай рубрыцы «Успаміны» публікуецца тэкст мемуараў брытанскага беларуса Паўла Навары (1927—1983), што некалі друкаваўся ў лонданскім часопісе «Голас Часу».
Раздзел «Архіваліі» распачынае вялікая публікацыя пратаколаў віленскага Беларускага навуковага таварыства (1918—1942). Далей тэксты памфлетаў Лявона Савёнка (1897—1974) і Антона Адамовіча, апублікаваных у мінскай «Беларускай газеце» ў 1944 г., суправаджаюцца рэфлексіямі Веры Бейкі. З той самай газеты паходзіць артыкул, прысвечаны нашаніўскаму паэту Альберту Паўловічу (1875—1951).
Са згаданай вышэй газеты «Раніца» ўзятая і нізка вершаў Юльяна Сергіевіча (1910—1976). Напрыканцы раздзела пісьменніца Ганна Янкута рэпрэзентуе гісторыю першага апублікаванага верша Карласа Шэрмана (1934—2005), яго арыгінальны тэкст на іспанскай мове і пераклад на беларускую.
Раздзел «Эпісталярыі» складаецца з лістоў Наталлі Арсеньневай (1903—1997) да Юркі Віцьбіча, Юліяны Вітан-Дубейкаўскай, Янкі Запрудніка, Вітаўта і Зоры Кіпеляў з архіваў БІНіМу, а таксама з публікацыі лістоў Вітаўта Кіпеля (1927—2022) да слонімскага краязнаўцы Сяргея Чыгрына.
У рубрыцы «Жанр» публікуецца некралог адраджэнскага дзеяча і бургамістра Мінска падчас нямецкай акупацыі Вацлава Іваноўскага (1880—1943), тэкст, прысвечаны спадчыне Ядвігіна Ш. (1869—1922) на эміграцыі, і фельетон, натхнёны ёй, аўтарства Наталлі Арсеньневай, іншы фельетон «Лісты да сабакі» пісьменніка і журналіста ў Мюнхене Пятра Сыча (1912—1963), а таксама роздумы вакол беларускай палітычнай сатыры Веры Бейкі.
У раздзеле «Асоба» сабраныя тэксты пра беларускіх дзеячаў на эміграцыі розных часоў: эсэра Язэпа Мамоньку (1889—1937) — Ігара Барынава і Сяргея Кнырэвіча, публіцыста і знаўцу беларускіх карт Віктара Астроўскага (1912—1975) — Юрыя Грыбоўскага, літаратуразнаўцу Язэпа Гуткоўскага (Ізыдара Плашчынскага) (1908—1986), гісторыка Гіпаліта Паланевіча (1907—1997) — Наталлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча.
У рубрыцы «Беларусіка» Лявон Юрэвіч глядзіць вачыма беларускіх эмігрантаў на творчасць Язэпа Пушчы (1902—1964), а польскі беларусіст Радаслаў Калета у англамоўным тэксце рэпрэзентуе гісторыю прысутнасці беларускіх тэм на канферэнцыях Асацыяцыі славянскіх, усходнееўрапейскіх і еўразійскіх даследаванняў у 1974—2024 гг.
З нагоды 60‑годдзя даследчыка гісторыі беларускай эміграцыі Лявона Юрэвіча (нар. 1965) у гэтым выпуску альманаха публікуецца артыкул, прысвечаны гісторыі яго сям'і, дзейнасці яго маці, мовазнаўцы і педагога Алены Казіміраўны Юрэвіч (1933—2006), а таксама творчасці самога юбіляра. А ў наступным раздзеле змешчаны яго ж аповед пра цікавыя дароўныя надпісы на кнігах у яго хатняй бібліятэцы.
У рубрыцы «Вакол кнігі» можна прачытаць водгук Алеся Кіркевіча на выданне тома «Выбранае» Кастуся Езавітава (1893—1946) у серыі Беларускага інстытута навукі і мастацтва (БІНІМ) «Спадчына БНР», а таксама грунтоўныя дадаткі да бібліяграфіі гэтага беларускага дзеяча ў міжваеннай і ваеннай Латвіі.
У раздзеле «Угодкі» змешчаныя разнастайныя матэрыялы, звязаныя з юбілярамі 2025 г.: Францішкам Кушалем (1895—1968), Юркам Віцьбічам (1905—1975), Янам Пятроўскім (1905—2001), Чаславам Найдзюком (1915—1955) і Чаславам Будзькам (1913—1985).
Традыцыйна завяршаюць выпуск агляд публікацый беларускіх перыядычных выданняў за мяжой у 2025—2026 гг. і хроніка БІНіМа.
Набыць альманах можна ў крамах «Камуніката» ў Варшаве і Беластоку.
***
Архіўнае фота
Альманах «Запісы» быў заснаваны ў 1952 г. у Нью-Ёрку грамадскай арганізацыяй Беларускі інстытут навукі і мастацтва — найстарэйшай дзейнай беларускай навукова-асветнай установай на Захадзе. Спачатку ён выходзіў у Нью-Ёрку, потым у 1962—1970 гг. — у Мюнхене, затым выданне зноў вярнулася ў Нью-Ёрк, а ад 2002 г. гэта ўжо быў нью-ёркска-менскі выдавецкі праект, «Запісы» выдаваліся ў Мінску. А 2022 года яны зноў выходзяць у ЗША